Курыраваць расследаванне будзе штаб-кватэра Deutsche Bank у Франкфурце

Deutsche Bank пачаў унутранае расследаванне ў дачыненні да свайго расійскага прадстаўніцтва, супрацоўнікаў інвестыцыйнага падраздзялення якога западозрылі ў адмыванні грошай.

«Мы адправілі ў адпачынак невялікую колькасць людзей з нашага маскоўскага аддзялення — да таго часу, пакуль не будуць атрыманы канчатковыя вынікі ўнутранага расследавання», — гаворыцца ў заяве Deutsche Bank, якую цытуе агенцтва «Франс прэс».

У банку адзначылі, што ў выпадку атрымання доказаў дачынення супрацоўнікаў да незаконнай дзейнасці будуць прыняты ўсе меры для таго, каб прыцягнуць іх да адказнасці.

Нямецкі фінансавы рэгулятар BaFin ужо пацвердзіў, што ведае пра тое, што здарылася, аднак адмовіўся каментаваць сітуацыю.

Аб магчымых фактах адмывання грошай у расійскім прадстаўніцтве Deutsche Bank раней напісаў нямецкі дзелавы штотыднёвік Manager Magazin.

Журналісты, спасылаючыся на нейкія крыніцы ў банку, сцвярджаў, што работнікі Deutsche Bank у Маскве атрымлівалі ад расейскіх кліентаў буйныя сумы грошай, а затым, выкарыстоўваючы іх, ажыццяўлялі пазабіржавыя аперацыі з дэрыватывамі ў Лондане.

Неназваныя інсайдары, на якіх спасылаецца штотыднёвік, распавялі, што гаворка ішла аб сумах у сотні мільёнаў еўра.

Пры гэтым, як адзначае Manager Magazin, паходжанне грошай, атрыманых ад кліентаў, належным чынам не правяралася.

«Калі б банк правяраў паходжанне грошай у адпаведнасці са сваёй звычайнай працэдурай, падобных здзелак ніколі б не было», — заявіла выданню абазнаная крыніца.

Чарада скандалаў

Паводле інфармацыі Manager Magazin, праверку дзейнасці маскоўскага прадстаўніцтва будзе курыраваць штаб-кватэра Deutsche Bank у Франкфурце, куды ўжо накіраваны эксперты аддзела ўнутраных расследаванняў з Лондана і Нью-Ёрка.

Deutsche Bank — найбуйнейшы фінансавы кангламерат Германіі, адзін з найважнейшых транснацыянальных банкаў свету і ключавы ўдзельнік валютнага рынку.

Кіраўніка Deutsche Bank Юргена Фітшэна абвінавачваюць у Германіі ў змове і дачы ілжывых паказаннняў

У канцы красавіка банк быў аштрафаваны амерыканскімі і брытанскі фінансавымі рэгулятарамі агулам на 2,5 млрд даляраў за спробы маніпулявання сярэднеўзважанай працэнтнай стаўкай крэдытавання на лонданскім Міжбанкаўскім рынку (LIBOR).

Тры тыдні таму ў Мюнхене пачаўся судовы працэс над дзейным і былымі кіраўнікамі Deutsche Bank.

Перад судом паўсталі цяперашні сустаршыня рады дырэктараў банка Юрген Фітшэн, а таксама шэсць былых топ-менеджараў арганізацыі.

Усе яны абвінавачваюцца ў змове і дачы ілжывых паказанняў ў працэсе па справе аб банкруцтве кампаній медыямагната Леа Кірха. Калі падсудных прызнаюць вінаватымі, ім пагражае да 10 гадоў турэмнага зняволення.

Як паведамляецца, сёння ў Франкфурце адбудзецца агульны сход акцыянераў Deutsche Bank.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?