Затрыманая ў Беларусі 29-гадовая грамадзянка Таджыкістана Шабнам Худайдодава з'яўляецца сяброўкай аб'яднання таджыкскай апазіцыі на эміграцыі «Група 24». Яна знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Брэсце (замежніцу затрымалі ў міжнародным чыгуначным пункце пропуска «Брэст»). Улады Таджыкістана просяць аб экстрадыцыі апазіцыянеркі на радзіму, дзе яе абвінавачваюць у «саўдзеле ў злачынстве». Шабнам Худайдодава раней была абвешчаная ў міжнародны вышук за «экстрэмісцкую дзейнасць».

Як інфармуе «Интерфакс-Запад», асацыяцыя «Правы чалавека ў Цэнтральнай Азіі» выказвае заклапочанасць у сувязі з пагрозай высылкі апазіцыянеркі ў Таджыкістан. Сцвярджаецца, што там ёй «за адкрытае выказванне свайго меркавання ў сацыяльных сетках… пагражаюць катаванні» і пазбаўленне волі да 20 гадоў.

Нагадаем, лідар «Групы 24» Умаралі Куватаў быў забіты невядомымі ў Стамбуле ў сакавіку. Яго прыхільнікі назвалі забойства палітычным. Дарэчы, у Таджыкістане асуджаныя ўжо пяць удзельнікаў апазіцыйнай арганізацыі, на тэрміны ад 3 да 17 гадоў. Дзясяткі таджыкскіх апазіцыянераў затрымалі ў Расіі і дэпартавалі на радзіму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?