Суд прысудзіў крымінальнага аўтарытэта Паўла Алексяевіча па мянушцы Паштэт да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Павел Алексяевіч прызнаны вінаватым паводле ч.3 арт.339 КК Беларусі (злоснае хуліганства). Фігурант у ноч на 9 мая зладзіў бойку ў піцэрыі на вуліцы Ташкенцкай у Мінску. Ён біў рукамі, нагамі і піўным куфлем Уладзіміра Зінавенку. Акрамя таго, знішчыў тры чаркі і тры піўныя куфлі. Усяго ён пашкодзіў маёмасці на 99 тыс. рублёў. Абвінавачаны падкрэсліў, што гэты ўрон быў ім кампенсаваны.

Сам Павел Алексяевіч заявіў, што прызнае віну часткова. Ён не згодны з тым, што яго хуліганскія дзеянні былі беспадстаўныя. Між тым на папярэднім следстве ён прызнаваў віну цалкам.

Ён прызнаў, што прыехаў у той вечар у піцэрыю ўжо пасля ўжывання спіртнога. «Мы замовілі грам 300-400 гарэлкі. Дакладна не памятаю. Замовілі паесці і селі за стол», - распавёў Алексяевіч. У кафэ ён прыехаў з прыяцелямі «для сустрэчы з адным чалавекам», але чалавека там не аказалася. У выніку замест яго прыехаў Зінавенка, з якім Алексяевіч, па яго ж словах, да інцыдэнту бачыўся раз у жыцці, і пасля той сустрэчы паміж імі склаліся непрыязныя адносіны.

«Мне не падабаюцца яго сябры, яму — мае», — сказаў Алексяевіч.

Паводле яго слоў, у іх розныя погляды на жыццё. Алексяевіч сцвярджае, што Зінавенка неаднаразова абражаў яго сяброў, што і стала прычынай бойкі. Паштэт спачатку ўдарыў крыўдзіцеля шклянкай, а потым стаў біць рукамі і нагамі. «Я ачухаўся ў рэанімацыі з нажавым раненнем», — сказаў абвінавачаны. Ён адзначыў, што дрэнна памятае бойку і не ведае, хто нанёс яму нажавое раненне. «Можа, і сам напароўся», - выказаў меркаванне ён.

Па версіі Зінавенка, канфлікт у кафэ пачаўся з таго, што Алексяевіч абразіў афіцыянтку.

Павел Алексяевіч нарадзіўся 14 лістапада 1981 г. у Мінску. Мае беларускае грамадзянства. Да гэтага - у 2003 годзе - быў судзімы ў Мінску двойчы. Спачатку па ч.2 арт.339 КК (хуліганства), а праз некалькі месяцаў - па ч.2 ст.43 КК (рэцыдыў) і ч.3 арт.207 КК (разбой). У выніку Алексяевіч правёў у месцах пазбаўлення волі больш за 8 гадоў, вызваліўшыся ў ліпені 2011 года. У сакавіку 2013 прэс-служба МУС Беларусі паведамляла, што на зладзейскай сходцы ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах Павел Алексяевіч па мянушцы Паштэт быў «каранаваны» і стаў злачынным аўтарытэтам.

У сваю чаргу Зінавенка праходзіць па гэтай справе не толькі пацярпелым, але таксама абвінавачаным па ч.1 ст.147 КК (наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання).

Пацярпелы па гэтай справе — Алексяевіч, якому Зінавенка, як вынікае з паказанняў сведак, нанёс удар нажом у канцы бойкі.

Па словах Зінавенка, пасля серыі удараў у яго адрас Алексяевіч выказаў пагрозу ў нецэнзурнай форме. «Пасля гэтага я ўзяў нож», —сказаў пацярпелы. Ён растлумачыў, што гэта быў невялікі складны нож са штопарам. Акрамя таго, Зінавенка заявіў, што Алексяевіч пачаў бойку, некалькі разоў спытаўшы: «Хто такі Галей?» Відавочна, што Павел Алексяевіч меў на ўвазе крымінальнага аўтарытэта Дзмітрыя Галеева, які быў затрыманы ў сакавіку 2013 года ў Нацыянальным аэрапорце Мінск пасля таго, як яго дэпартавалі з адной з дзяржаў Заходняй Еўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?