Чуткі пра ўкраінскае паходжанне кіраўніка Беларусі курсуюць ужо больш за дзесяць гадоў. Пра свае ўкраінскія карані сам Лукашэнка казаў журналістам у 2013, падчас візіту ў Кіеў: «Кажуць, што я часткова хахол. Наша апазіцыя знайшла мае карані паміж Чарнігавам і Кіевам. Віктар Юшчанка прапаноўваў мне знайсці мой радавод. А я адказаў: навошта, якая розніца?»

У сакавіку 2014 у інтэрв’ю ўкраінскай праграме «Шустэр Live» ён выклаў трохі іншы варыянт гэтай жа версіі: «Я не хаваю сваіх каранёў. Віктар Юшчанка знайшоў мае карані дзесьці паміж Чарнігавам і Кіевам (дзесьці там прадзеды мае жылі) і кажа: «Аляксандр Рыгоравіч, давайце я Вам усе дакументы дастану». — «Віктар, ці трэба гэта? Я прызнаю, што мае карані ва Украіне. Гэта выдатны народ!»

На афіцыйным сайце прэзідэнта Беларусі ў афіцыйнай біяграфіі пытанне нацыянальнасці не закранаецца, але ў інфармацыі для Цэнтральнай выбарчай камісіі ў 2010 годзе Лукашэнка назваў сябе беларусам.

Дык усё-такі ўкраінец ці беларус?

Для адказу на гэтае пытанне неабходна прасачыць, адкуль і калі з’явілася ўкраінская версія. Безумоўна, у абывацельскім уяўленні ўсе прозвішчы, якія заканчваюцца на —нка, — украінскія, але гэта не так. Яны рэдкія для заходняй або цэнтральнай Беларусі, але калі прасачыць спісы найбольш частых прозвішчаў у паўднёвай і ўсходняй Беларусі, то некалькі дзясяткаў такіх прозвішчаў уваходзяць у першую сотню па распаўсюджанасці. Наогул, падобныя прозвішчы маюць каля 10% беларусаў.

Усе артыкулы пра ўкраінскае паходжанне продкаў Аляксандра Лукашэнкі (нават артыкул у «Вікіпедыі») узыходзяць да артыкула, апублікаванага 15 жніўня 2003 у «Камсамольскай праўдзе» Віктарам Малішэўскім і Ульянай Бабаед «У Мінск з Канады ляціць траюрадны пляменнік Лукашэнкі».

Сюжэт не новы, яго добра апісалі ў сваёй класічнай камедыі «Залатое цяля» Ільф і Пятроў — у гісторыі пра «дзяцей лейтэнанта Шміта». Але тады трэці «сын» героя рэвалюцыі 1905 Панікоўскі быў скінуты з лесвіцы, а вось нашаму сучасніку Джэймсу Лукашэнку пашанцавала: хоць кіраўнік беларускай дзяржавы і не пажадаў з ім сустрэцца, і з лесвіцы яго не спусцілі, але яго гісторыя, трапіўшы ў «Камсамолку», стала асноўнай версіяй паходжання сям’і Лукашэнкі.

Хоць, па сутнасці, ён не прывёў абсалютна ніякіх доказаў. Як бы смешна гэта ні гучала, але самы важкі аргумент у гэтай гісторыі быў такі: «Мой дзед і дзед прэзідэнта Лукашэнкі браты булы», — пацвердзіў бацька Джэймса Пятро Лукашэнка…

— А адкуль вы даведаліся, што даводзіцеся Аляксандру Лукашэнку сваякамі?

— Кузен з Глухава, з Украіны, напісаў ліст, што прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка нашай крыві, сваяк наш. Так мы і даведаліся …»

Выходзіць, уся версія пабудавана на словах «кузена з Глухава».

Гэтага аказалася дастаткова, каб «36-гадовы інжынер з канадскага горада Вініпег Джэймс Лукашэнка напісаў электронны ліст беларускаму прэзідэнту: «Мой прадзед і Ваш дзядуля былі братамі і пражывалі ў Сабічаве ва Украіне…» Тады «Камсамолка» прывяла такую даведку пра продкаў Джэймса Лукашэнкі: «Родны брат дзеда прэзідэнта, Васіль Іванавіч Лукашэнка, нарадзіўся ў 1870 годзе. У яго было чацвёра сыноў: Дзмітрый Васілевіч, Іван Васілевіч, Пётр Васілевіч і Васіль Васілевіч. Дзмітрыя Васілевіча і яго сыноў у 1933 годзе раскулачылі, ён паехаў, праўда, невядома куды».

У артыкуле было тлумачэнне, як продкі Джэймса патрапілі ў Канаду, але не было ніводнай версіі, як продкі кіраўніка Беларусі трапілі з Украіны ў вёску Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. Але гэтага аказалася дастаткова, каб у многія артыкулы і радаводы Лукашэнкі перабралася фраза аб яго продках: «Дзед, Трафім Іванавіч, родам з Украіны, Сумская вобласць»… Калі паглядзець на карту, то наўрад ці можна сказаць, што Сабічава знаходзіцца паміж Кіевам і Чарнігавам (хутчэй, Чарнігаў знаходзіцца паміж Сабічавам і Кіевам), але гэта ўсё вельмі блізка. Так што няма сумневу, што менавіта гэты радавод знайшоў (у «Вікіпедыі»?) Юшчанка для Лукашэнкі.

Адразу пасля публікацыі ў «Камсамольскай праўдзе», калі ўвага прэсы абрынулася на сціплы ўкраінскі гарадок, дзе збіраліся нават паставіць помнік вялікаму земляку, былі зроблены спробы праверыць гэтую версію, і скончыліся яны нічым… Хай сабе пра Трахіма Іванавіча Лукашэнку не памяталі старажылы гэтай вёскі (сярод апытаных была нават 95-гадовая мясцовая бабулька), але і ў Сумскім абласным архіве, дзе захаваліся метрычныя кнігі Сабічаўскай Пакроўскай царквы ад 1868 да 1917 года, сярод дзяцей казака Івана Лукашэнкі так і не знайшлі Трафіма.

Нягледзячы на гэта, хісткая версія ўкраінскага паходжання Аляксандра Лукашэнкі «пайшла ў народ» і так і засталася б кананічнай, калі б… архівы не захаваліся і ў Беларусі. Праўда, па Магілёўскай вобласці, дзякуючы намаганням бальшавікоў, якія адправілі вялікую частку архіва ў макулатуру, гэтых дакументаў захавалася не так шмат. Ёсць і яшчэ адна непрыемная асаблівасць Магілёўскай губерні — там да 1908 года практычна не пісалі прозвішчаў у сялян нават пры запісе ў метрычныя дакументы.

І ўсё-ткі дакументы захаваліся.

Звесткі, знойдзеныя мной, адназначна сведчаць, што дзед кіраўніка Беларусі Трафім не быў сынам Івана (а значыць, і ўся версія з братамі з Сабічава трымаецца толькі на аўтарытэце кузена з Глухава)! Звалі прадзеда Аляксандра Рыгоравіча Прохарам, і Трафім (у адным дакуменце нават Трахім) Прохаравіч Лукашэнка жыў на хутарах у Александрыі яшчэ да пачатку калектывізацыі. Тут жа ў 1924 годзе нарадзілася і Кацярына Трафімаўна — маці будучага кіраўніка дзяржавы.

Вынікі перапісу 1924 сведчаць, што ў сям’і Трахіма Прохаравіча Лукашэнкі было 5 чалавек (у 1926 годзе — ужо шасцёра: два мужчыны і чатыры жанчыны). Яго хутарская гаспадарка была небагатая: 1 конь, карова і 1 свіння.

Не падлягае сумневу (гэта адзначана ў двух розных дакументах за розныя гады — выніках перапісаў 1924 і 1926 гадоў), што Трафім Прохаравіч Лукашэнка быў па нацыянальнасці беларусам.

З амаль 100-працэнтнай імавернасцю быў ён карэнным беларускім селянінам з Магілёўскай губерні, дзе першы ўсерасійскі перапіс 1897 зафіксаваў, што больш за 80% мясцовага насельніцтва, акрамя габрэяў і прыезджых, гаворыць на беларускай мове.

***

Зміцер Дроздгісторык-архівіст, аўтар кніг «Землеўласнікі Мінскай губерні 1861—1900», «Землеўласнікі Мінскай губерні 1900—1917». Пасля Плошчы-2010 быў асуджаны за ўдзел у «масавых беспарадках» на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Выйшаў на волю ў жніўні 2011.

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?