Прыблізна месяц таму на платформе падтрымкі сацыяльных праектаў Talaka.by стартавала краўдфандынгавая кампанія «Слоўнік «Наш дом / Our Home». Мэтай ініцыятывы ёсць сабраць 43 000 000 рублёў для выдання першага беларуска-англійскага тэматычнага слоўніка ў малюнках.

Удзельнікі праекта бачаць «Наш дом / Our Home» яскравай кнігай для дзяцей і дарослых, для беларусаў і замежнікаў, для вучобы і забавы. У слоўніку будуць «намаляваныя» каля 1000 будзённых словаў і размоўных фразаў на кожнай мове з транскрыпцыямі для тых, хто сумняваецца ў прачытанні. Матэрыял кнігі будзе згрупаваны прыблізна ў 25 тэматычных раздзелаў: «Часткі жылога будынка / Parts of a residential building», «У вітальні / In the entrance hall», «У гасцёўні / In the living room», «У спальні / In the bedroom», «У дзіцячым пакоі / In the nursery», «На кухні / In the kitchen», «За сталом / At the table», «У каморы / In the pantry», «Хатняя гаспадарка / Household affairs», «Рамонт / Repairs», «Хатнія гадаванцы / Pets» і інш.

Слоўнік укладаюць прафесійныя перакладчыцы і мовазнаўцы, магістры гуманітарных навук БДЛУ і БДУ. Ёсць дамоўленасць з выдавецтвам «Галіяфы» аб выданні кнігі ўвесну 2016 года.

«Грашовую падтрымку кампаніі «Наш дом / Our Home« можна лічыць калядным дарам для беларускіх школьнікаў і не толькі», – кажа кіраўніца праекта Алена Ялавенка. – Дзве траціны патрэбнай для выдання слоўніка сумы ўжо паабяцалі будучыя фундатары, і мы заклікаем іншых паспалітых людзей Беларусі да 20 снежня спрычыніцца да з'яўлення гэтай унікальнай маляванай кнігі».

Стаць «жыхарамі»-фундатарамі «Нашага дома», як сцвярджаюць удзельнікі праекта, досыць лёгка. Для гэтага трэба

1) да 20 снежня зарэгістравацца на www.talaka.by і на старонцы кампаніі націснуць на кнопку «Падтрымаць фінансава»;

2) вызначыцца з сумай ахвяравання і паабяцаць яе на сайце (дарэчы, па выданні кнігі ўсе фундатары на суму 200 000 і болей бел. руб., атрымаюць падарункі з выявамі з «Нашага дома»: самі слоўнікі, постэры, пазлы і інш.;

3) з 21 да 30 снежня атрымаць па электроннай пошце нагадванне і перадаць абяцаную суму гатоўкай або праз PayPal.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0