Гэтымі днямі ў Маскве адбыўся Архірэйскі Сабор Рускай Праваслаўнай Царквы. Сярод вызначэнняў, які прыняў Сабор, звяртае ўвагу дакумент пра агульнацаркоўнае праслаўленне шэрагу мясцовашанаваных святых.

Камісія пад кіраўніцтвам мітрапаліта Клімента Калужскага і Бароўскага, якая складала месяцаслоў РПЦ, выявіла, што больш за 30 царкоўных і дзяржаўных дзеячаў былі ў ліку шырокашанаваных, але не праслаўленых, што называецца, на афіцыйным узроўні. Затым справу разгледзела сінадальная камісія па кананізацыі і накіравала ў Святы Сінод РПЦ прапанову аб агульнацаркоўным праслаўленні гэтых людзей. У канцы мінулага года Сінод вырашыў вынесці пытанне аб праслаўленні на разгляд Архірэйскага Сабора. І вось 33 святары, манахі, манахіні і біскупы, а таксама свецкія асобы (як, напрыклад, Яраслаў Мудры) унесены цяпер у спіс святых, якіх належыць шанаваць усёй супольнасці РПЦ.

Сярод праслаўленых на агульнацаркоўным узроўні і вядомыя ў Беларусі падзвіжнікі Праваслаўя вялебныя Елісей Лаўрышаўскі і Марцін Тураўскі, а таксама свяціцель Міна Полацкі. Сярод праслаўленых Архірэйскім Саборам РПЦ і княгіня Сафія Слуцкая, хоць яна, як сцвярджаюць гісторыкі, была рыма-каталічкаю. Праслаўлены на агульнацаркоўным узроўні і князь Расціслаў Смаленскі, унук Уладзіміра Манамаха, заснавальнік дынастыі Расціславічаў, якая панавала ў крывіцкіх землях, у тым ліку пэўны час у Полацку і Віцебску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?