Журналіст TUT.BY Павел Дабравольскі, які быў зьбіты ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска, атрымаў на рукі матывавальную частку пастановы суда, якая тлумачыць, за што менавіта ён павінен заплаціць 9.450.000 рублёў.

Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Павел Дабравольскі, нагадаем, 25 студзеня павінен быў асвятляць «справу графіцістаў» у судзе Фрунзенскага раёна. Ён не патрапіў на пасяджэнне і паспрабаваў зняць на відэа затрыманне актывістаў, якія разгарнулі расцяжку з лозунгам у зале суда. Журналіст быў збіты супрацоўнікамі міліцыі. Пасля гэтага на Паўла было складзена два пратаколы: за тое, што ён лаяўся матам, і па арт. КаАП 23.4 «Непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы». Яго прысудзілі да штрафу ў 45 базавых велічынь — 9.450.000 беларускіх рублёў.

У аўторак, 2 лютага, у матывіровачнай частцы суд патлумачыў, чаму Павел быў прызнаны вінаватым.

«Нягледзячы на непрызнанне віны Дабравольскім П.П., суддзя прыйшоў да высновы аб яго вінаватасці ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння (…)», — гаворыцца ў дакуменце.

Супраць карэспандэнта TUT.BY, згодна з матывіровачнай часткай, далі паказанні сведкі — супрацоўнікі міліцыі.

Так, сведка Шышко А. А. патлумачыў, што «Дабравольскага П.П. ўбачыў, калі аказваў дапамогу супрацоўніку міліцыі Каваленку С.В., які выводзіў з залы двух затрыманых. Дабравольскі П.П. пабег за імі ў калідор і пачаў навальвацца на Кавальчука С.І., хапаць за каўнер яго курткі і цягнуць на сябе, таксама выказваў нецэнзурную лаянку ў адрас дзейнай улады і супрацоўнікаў міліцыі».

У дакуменце ёсць і паказанні самога Кавальчука С.І., які заявіў суддзі: «У холе стаяў Дабравольскі П.П., які выбег з хола за намі ў ізаляваны калідор і наваліўся на яго ззаду, схапіў за каўнер і пачаў цягнуць у адваротны бок».

Непрызнанне віны Паўлам Дабравольскім суддзя Марыя Ярохіна расцаніла як «абраны ім спосаб абароны з мэтай сысці ад вызначанай законам адказнасці за зробленае».

Карэспандэнт TUT.BY, нагадаем, агучвае іншую версію: «вырвалі з рук камеру, журналісцкае пасведчанне і пачалі збіваць. Па маіх адчуваннях, мне нанеслі каля некалькіх дзясяткаў удараў нагамі. Я паспрабаваў закрыць твар рукамі і падстаўляў спіну. Потым мне закруцілі рукі, а хтосьці з праваахоўнікаў паставіў сваю нагу мне на твар».

Павел Дабравольскі збіраецца абскардзіць рашэнне суда.

TUT.BY просіць адгукнуцца тых, хто 25 студзеня знаходзіўся ў будынку суда Фрунзенскага раёна і мог бачыць тое, што адбываецца з Паўлам. Просім вас напісаць нам на [email protected].

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?