Брэсцкі абласны суд прызнаў маладога чалавека вінаватым у забойстве з асаблівай жорсткасцю асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане (пп. 2, 6 ч. 2 арт. 139 КК), і прыгаварыў да 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Абвінавачанага таксама абавязалі выплаціць па 100 мільёнаў рублёў кампенсацыі маральнай шкоды маці і сястры загінулай, пакрыць выдаткі на пахаванне і паслугі адваката. Акрамя таго, яму прызначылі прымусовае лячэнне ад алкагалізму, паведамілі ў Брэсцкім абласным судзе.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Абвінавачаны і яго ахвяра пазнаёміліся, калі ёй было 15 гадоў. У 16 у яе нарадзілася дачка Ульяна. Праз два гады маладыя людзі з'ехаліся. Дзяўчынка некаторы час жыла з бацькамі, але пазней яе забрала да сябе бабуля.

«Я забрала дзіця, бо дзіця баялася яго (абвінавачанага). Усе казала: «Тата маму ўсё ў лоб б'е». Ну навошта, каб дзіця гэта бачыла? У іх пастаянна былі канфлікты. Ён яе пастаянна збіваў, а яна ўцякала да суседзяў, хавалася», — патлумачыла на судзе маці загінулай дзяўчыны.

5 лістапада мінулага года пара зноў пасварылася. Са слоў падазраванага, ноччу падчас застолля яго дзяўчына пайшла спаць. Яму гэта не спадабалася. На яе адмову вярнуцца ў кампанію ён плюхнуў на дзяўчыну, што ляжала ў ложку, бензін і кінуў падпаленую запалку.

Вопратку на пацярпелай паспелі патушыць знаёмыя, якія знаходзіліся побач. Пацярпелую з тэрмічнымі апёкамі твару, рук і тулава даставілі ў бальніцу. Амаль праз тры тыдні яна памерла ў рэанімацыйным аддзяленні.

На судзе малады чалавек сваю віну прызнаў часткова: пацвердзіў, што нанёс ёй цялесныя пашкоджанні, але падкрэсліў, што зрабіў гэта ненаўмысна, без намеру на забойства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?