На сайце Лідскай епархіі з’явілася навіна, што 14 сакавіка ў Іўеўскай гарадской бібліятэцы ўзгадвалі першадрукара Івана Фёдарава. Сустрэчу праводзіў настаяцель храма святога мучаніка немаўляці Гаўрылы Беластоцкага Вячаслаў Пашкевіч.
На сустрэчу былі запрошаныя вучні Лялюкінскай сярэдняй школы, а таксама навучэнцы з Іўя.
Мы патэлефанавалі айцу Вячаславу Пашкевічу, каб даведацца, чаму ён лічыць першадрукаром Івана Фёдарава, а не Францішка Скарыну.
«Гаворка вядзецца пра кнігу «Апостал», яе першым надрукаваў Іван Фёдараў», — адказаў нам святар.
На гэта мы прывялі аргумент, што Скарына выдаў друкаванага «Апостала» яшчэ ў 1525 годзе, а Фёдараў — толькі ў 1564 годзе. То бок амаль на 40 гадоў пазней за Скарыну.
«Я не разумею, да чаго ў вас прэтэнзіі, да гісторыі? – сказаў нам айцец Вячаслаў Пашкевіч. – Я вычытаў у гісторыі, што першага «Апостала» надрукаваў менавіта Фёдараў».
На гэтым далейшую размову праваслаўны святар весці адмовіўся, параіўшы звярнуцца па каментар асабіста да мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла.
Праз нейкі час айцец Вячаслаў яшчэ раз набраў карэспандэнта «Нашай Нівы», каб патлумачыць сваю пазіцыю. «Калі «Апостал» друкуецца, то друкуецца ў нязменным выглядзе, у тым, у якім ён быў перададзены ад святых апосталаў. Такое выданне надрукаваў менавіта Іван Фёдараў. Францішак Скарына дадаў у «Апостала» выпіскі з беларускага выдання і нешта яшчэ дадаў. Нешта 100% было дададзена. Камусьці падабаецца тое выданне, камусьці — гэтае. Я цудоўна разумею, што Францішак Скарына — першадрукар», — адзначыў айцец Вячаслаў Пашкевіч.
Цікава, што на сайце Лідскай епархіі краінай епіскапа Парфірыя чамусьці пазначана «Белоруссия».