У Гродзенскай вобласці з'явіцца першая прыватная гідраэлектрастанцыя, паведамілі ў Слонімскім райвыканкаме.

Міні-ГЭС пабудуюць на рацэ Іса ў Слонімскім раёне. Для рэалізацыі праекта заключаны дагавор паміж Гродзенскім аблвыканкамам і беларускім ТАА «Гідра Парк», зарэгістраваным у Слоніме. Праект коштам Br9 млрд уяўляе сабой будаўніцтва плаціны і ўстаноўку аўтаматычнага абсталявання, якія дазволяць атрымліваць каля 240 кВт энергіі ў год. Атрыманую электраэнергію прыватная кампанія будзе прадаваць у агульную сетку, заключаны дагавор з Мінэнерга і атрыманая адпаведная квота.

Кампанія абавязуецца рэалізаваць праект у два этапы да верасня 2017 года. Першы, падрыхтоўчы — уключае распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі і атрыманне ўсіх неабходных узгадненняў, яго завершаць у ліпені бягучага года і пачнуць будаўніцтва. Абсталяванне для міні-ГЭС вырабіць польская кампанія.

Стварэнне гэтага аб'екта прадугледжвалася Дзяржаўнай праграмай будаўніцтва гідраэлектрастанцый у 2011-2015 гадах, зацверджанай пастановай Савета Міністраў. Праект быў запланаваны менавіта для рэалізацыі за кошт інвестара. На месцы будучай міні-ГЭС на дадзены момант знаходзіцца не дзеючае гідратэхнічнае збудаванне ў выглядзе шахтавага вадаскіду, які належаў раней аднаму з прадпрыемстваў раёна.

Праект у сферы энергетыкі стане першым для прыватнага прадпрыемства. У далейшым інвестар выказаў намер разгледзець і іншыя сферы для інвестыцый у Слонімскі раён.

На дадзены момант у Гродзенскай вобласці дзейнічае найбуйнейшая на тэрыторыі Беларусі ГЭС магутнасцю 17 МВт, працуюць і будуюцца сонечныя электрастанцыі і ветраўстаноўкі. У рэгіёне падтрымліваюць разнастайныя праекты зялёнай энергетыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?