Інфармацыя аб наяўнасці стронцыю ў беларускім малацэ ілжывая. Пра гэта сёння журналістам заявіў першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч, перадае БелТА.

Паводле слоў першага намесніка міністра, напярэдадні і сёння былі дадзеныя абвяржэнні. У Беларусі ў зонах радыяцыйнага забруджвання вядзецца вельмі сур'ёзны кантроль за вытворчасцю прадуктаў харчавання, асабліва малочных, сказаў Марыніч. Апошні раз у малацэ небяспечныя рэчывы выяўляліся ў 2014 годзе, у мясе — у 2011 годзе, нагадаў прадстаўнік Мінсельгасхарча.

Апублікаваная інфармацыя не пацвярджаецца, працягнуў Леанід Марыніч. Ён звярнуў увагу, што аўтары публікацый спасылаюцца на вынікі аналізу на стронцый-90, зроблены на працягу двух-трох гадзін, пры тым, што такія даследаванні праводзяцца на працягу сямі дзён. «Як на працягу двух-трох гадзін зрабілі такі аналіз, ніхто нам не патлумачыў, таму мы лічым, што гэта дэзінфармацыя», — сказаў Леанід Марыніч.

Паводле інфармацыі, якая паступіла ў Мінсельгасхарч з Расіі, там у беларускай прадукцыі ніколі не выяўляліся радыяцыйныя рэчывы.

«Калі камусьці трэба нашкодзіць і знізіць экспарт харчовай групы тавараў Беларусі, то хай адказваюць за свае словы, якія апублікавалі», — падсумаваў першы намеснік міністра.

***

Карэспандэнты агенцтва Аssociated Press знайшлі на ўскраіне чарнобыльскай зоны адчужэння ў Беларусі ферму, якая вырабляе і прадае забруджанае радыёнуклідамі малако. Яны аднеслі малако з фермы Хойніцкага раёна ў радыёлагічную лабараторыю Мінскага гарадскога цэнтра гігіены, эпідэміалогіі і грамадскага здароўя. Там ледзве дамагліся, каб ім далі раздрукоўку прыбора пасля праверкі малака.

З раздрукоўкі вынікае, што ў малацэ, якое паступае з фермы на прадпрыемства «Мілкавіта», утрыманне стронцыю-90 у 10 разоў вышэйшае за норму. Але Мінскі гарадскі цэнтр абверг гэтую інфармацыю — маўляў, «ацэнка ўтрымання стронцыю-90 не праводзілася».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0