Сямейны інклюзія-тэатр «i» завяршыў падрыхтоўку прэм'ернага спектакля, у якім разам з прафесійнымі акцёрамі граюць дзеці з аўтызмам. Музычны дэтэктыў на беларускай мове «Флейта-чарадзейка» гледачы змогуць пабачыць 3 чэрвеня ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі. Арганізатарамі тэатра выступілі МДГА «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» і кампанія velcom.

«Ідэя стварыць інклюзіўны тэатр з'явілася каля двух гадоў таму», — распавяла дырэктар МДГА «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» Таццяна Якаўлева. — Але тады грамадства да яе было не гатовае. Сёння ўсё атрымалася — сумеснымі намаганнямі неабыякавых людзей і арганізацый мы стварылі платформу, якая дасць магчымасць не толькі рэалізаваць творчы патэнцыял дзяцей з аўтызмам, але і змяніць стаўленне беларусаў да праблемы аўтызму. За мяжой да такіх людзей ставяцца, як і да любых іншых, ім усюды адчыненыя дзверы. Тое ж самае рана ці позна будзе і ў Беларусі».

«Першая п'еса Сямейнага інклюзія-тэатра «i» пастаўленая ў кароткія тэрміны, — адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Вячаслаў Смірноў. — Творчая група імкнулася паспець прэзентаваць спектакль да Міжнароднага дня абароны дзяцей. Гэта далёка не першы праект velcom, накіраваны на фарміраванне ў Беларусі інклюзіўнага грамадства. Напрыклад, velcom упершыню ў краіне арганізаваў акцыю «Light It Up Blue» з уключэннем сіняй падсветкі на фасадах вядомых аб'ектаў сталіцы. Акрамя таго, пры нашай падтрымцы МДГА «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» распрацавала «Камунікатар ДАР» — мабільную праграму, якая спрашчае размову людзей з аўтызмам».

Праект можна цалкам лічыць міжнародным: яму дапамагаюць беларускія і замежныя артысты, драматургі, мадэльеры і музыканты. Тэатр бачыць сваёй місіяй распаўсюджваць на нацыянальным узроўні ідэю грамадства роўных магчымасцяў. Арганізатары праекта ў першую чаргу хочуць звярнуць увагу на праблему дзіцячага аўтызму.

Першы спектакль новага тэатра будзе ў жанры мюзікла. П'еса поўная дэтэктыўных загадак і алегорый, а таму павінна быць цікавая як дзецям, так і дарослым. У аснове сюжэту — прыгоды двух дзяцей, якія прыехалі да дзядзькі ў вёску і апынуліся ў казачным сусвеце. Каб выратаваць лес і аднавіць натуральны цыкл прыроды, персанажы адпраўляюцца на пошукі чароўнай флейты. Паколькі рэальны і выдуманы светы цесна пераплеценыя, падарожжы дзяцей прыводзяць да нечаканых наступстваў.

Мастацкі кіраўнік тэатра Ірына Пушкарова распавяла «НН» пра мюзікл і асаблівасці працы з дзецьмі.

— Якая ідэя ўкладзеная ў гэты мюзікл?

— Паказаць першы спектакль, дзе дзеці з аўтызмам нароўні з іншымі дзецьмі пакажуць нешта неймавернае. Мы хочам паказаць людзям, каб яны не баяліся і зразумелі, што з аўтызмам можна жыць, працаваць, і гэта абсалютна не страшна. На сцэне ніхто не зможа адрозніць, дзе дзіця з асаблівасцямі развіцця. Паколькі гэта мюзікл, то на сцэне будзе гучаць мноства жанраў — ад класікі да поп-музыкі. Але самае галоўнае – паказаць нашым дзеткам беларускую культуру, таму ўвесь мюзікл будзе на роднай беларускай мове.

— Якія асаблівасці працы з дзецьмі былі падчас падрыхтоўкі да мюзікла?

— Дзеці з аўтызмам праходзяць такія ж этапы і цяжкасці, як і астатнія. Усе яны не прывучаныя да беларускай мовы, з-за малой яе колькасці ў іх жыцці. Шмат хто з іх не ходзіць у школу, але з задавальненнем удзельнічае тут, ім гэта падабаецца. Асабліва бачна гэта менавіта на сцэне – яны адно аднаго падтрымліваюць. У астатнім усё вельмі добра, бо побач з намі заўсёды знаходзяцца псіхолагі.

Ёсць іншая праблема. Наша задача — даць ім будучыню, таму што пакуль яе ў іх няма. Шмат хто з іх не можа пайсці ў дзіцячы садок, школу. А калі не скончаць школу – няма профільнай адукацыі, няма наступнай ступені і прафесіі. Тэатр у гэтым сэнсе шматфункцыянальны, бо дзеці змогуць тут расці, развівацца, пры жаданні — застацца тут і мець прафесію.

Пастаноўшчыкам спектакля выступіў вядомы рэжысёр Ігар Сідорчык. Асноўную сцэнаграфію і дэкарацыі стварае Веніямін Маршак, а ў распрацоўцы касцюмаў удзельнічае куцюр'е Янж Нядвецкі, упрыгожваннямі якога карыстаюцца Джоні Дэп і Патрысія Каас. Прадзюсарам выступіў заснавальнік Альтэрнатыўнага тэатра Леанід Дынерштэйн, а мастацкім кіраўніком — артыстка балета і рэжысёр Ірына Пушкарова. Песні для спектакля сачыніла Вольга Залеская, а кампазітарам і аўтарам лібрэта стала Марыя Дземянкова.

Першая пастаноўка Сямейнага інклюзія-тэатра «i» пройдзе 3 чэрвеня ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі. Кошт квіткоў на большасць месцаў складае ад 50 да 100 тысяч рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?