23:36
Усё, 0:0. Беларусы заслужылі сваю порцыю апладысментаў. На жаль, у атацы атрымалася нямногае, але абарона была амаль блізкая да эталоннай. З нецярплівасцю чакаем працягу.
23:36
Жыве Беларусь, увесь стадыён крычыць менавіта гэта.
23:35
Нічыя з віцэ-чэмпіёнамі Еўропы ў першым туры адбору. Гэта вельмі крута. Перад гульнёй стаўкі на французаў былі ў раёне 1,4, на Беларусь — больш 10.
23:33
Нехта з беларусаў ляжыць на газоне. Сапраўды, балюча? Ці маленькія футбольныя хітрасці?
23:32
На якім жа ўзводзе трыбуны. Вераць, вераць у каманду да апошняга.
23:31
Вельмі востра. На жаль, ніхто нагу падставіць не змог.
Арбітр дадае да асноўнага часу тры хвіліны.
23:30
Кутавы! Ну а раптам?
23:28
Яшчэ дзве хвіліны асноўнага часу. І колькі там дадасць арбітр. Атмасфера на стадыёне вельмі класная. Падтрымка зборнай каласальная.
23:27
На беларускім фан-сектары паляць піра. Нішто сабе! Вельмі эфектна выглядае.
23:25
Люксембургскай казкі доўга жыць не атрымалася. Балгарыя выйшла наперад 3:2. Галандцы змаглі адыграцца ў гульні з Швецыяй — 1:1.
23:23
Гамейро з'явіўся на полі замест Жыру.
Тым часам Бардачоў здымае мяч з нагі французскага форварда.
23:22
Лепш бы не глядзеў статыстыку. 3 - 17 па ўдарах па варотах. 36 на 64 па валоданню мячом. Усё на карысць Францыі, вядома.
23:19
Стаміліся нашы, пачынае крыху губляцца канцэнтрацыя. Ёсць, ёсць шанец у Францыі ўсё ж забіць такі патрэбны гол.
У нашых на замену выходзіць форвард Сяргей Карніленка, мяняе ён Мікалая Сігневіча.
23:15
Файная падтрымка пайшла на трыбунах. Гуляць яшчэ крыху болей за 15 хвілін.
23:13
Крыўцу атрымалася дадаць нашай камандзе крыху злосці і агрэсіі ў атацы.
23:10
Адразу дзве замены. У нас замест Ігара Стасевіча выйшаў Сяргей Крывец. У Францыі Дэмбеле змяніў Сісока.
23:09
Транжырыць моманты Грызман. Яшчэ адзін не рэалізаваны. Як бы напрыканцы гульні іх усіх не давялося згадваць.
23:08
Фанаты спяваюць «Купалінку». Малайцы.
23:06
Воў-воў, палягчэй! Люксембург ужо выйшаў наперад у гульні з Балгарыяй 2:1.
23:05
Гарбуноў працягвае геройстваваць у браме. Адвёў яшчэ адзін вельмі небяспечны момант. Нашы пакуль нават не задумваюцца аб атаках.
23:03
Тым часам у нашай групе Люксембург змог адгуляцца ў сустрэчы з Балгарыяй. Там 1:1. Швецыя выйграе Галандыю — 1:0.
23:02
Варан хвоста прабіў з далёкай адлегласці. Крыху міма. Французы ўжо, здаецца, пачынаюць крыху хвалявацца, што гола ўсё яшчэ няма.
22:57
Брава, Гарбуноў! Выцягнуў вельмі складаны ўдар са штрафнога Грызмана.
Адразу пасля гэтага Жыру галавой пасля падачы кутняга трапляе ў папярэчыну. Вось гэта два моманты ў французаў. Беларусам пара сабрацца.
22:56
Першая замена ў французаў. Пайет выходзіць замест Марсіяля.
22:53
Самы рэальны момант у гульні ўзнікае на 53-яй хвіліне ў Антуана Грызмана, яго выводзяць адзін на адзін пасам пяткай, але бамбардзір схібіў.
22:50
Беларусы бадзёранька пачалі першы тайм. Нават крыху прыціснулі французаў, але да рэальнай небяспекі не дайшло.
22:45
Другі тайм пачынаюць беларусы. Замен пакуль не бачна.
22:42
Дранік-бургеры на «Барысаў-Арэне» падаражэлі з 3,5 да 4 рублёў.
22:30
Усё, першы тайм скончыўся. 0:0. Адпачываем.
22:28
Гарбуноў памыляецца на выхадзе, не змог дацягнуцца да мяча, але абаронцы своечасова падчысцілі. У абароне пакуль, цьфу-цьфу-цьфу, усё няблага. А вось у атацы асэнсаванасці не хапае.
22:24
Шэсць гадоў таму, таксама ў верасні, беларусы ўжо выйгравалі ў французаў. Чаму б не паўтарыць яшчэ раз?
22:21
Жыру не трапіў па мячы, але было вельмі небяспечна. Яшчэ 10 хвілін да сканчэння першага тайма.
22:14
Жыве Беларусь! Гучыць з трыбун. Здаецца, апошні раз такое было на гульні Беларусь — Украіна два гады таму.
У матчы па-ранейшаму 0:0.
22:12
На трыбунах ёсць бел-чырвона-белыя сцягі! Калі вы такое памятаеце апошні раз?
22:11
Фанаты зацягнулі «Воіны света».
22:10
Дарэчы, па-французску La berezina азначае «катастрофа». Памятаеце, на якой рацэ знаходзіцца Барысаў.
22:07
Што ж гэта робіцца! Мікалаю Сігневічу не хапае пару сантыметраў, каб галавой размачыць лік у гульні. Мабыць, самы небяспечны момант на дадзены час.
22:03
Поль Пагба з далёкай дыстанцыі спрабаваў праверыць Гарбунова. На месцы брамнік. Гуляем далей.
22:00
Адначасова з нашым матчам адбываюцца іншыя гульні нашай групы. Балгарыя забіла ўжо першы мяч Люксембургу. У гульні Швецыя — Галандыя — 0:0.
21:59
Нашы заслужылі права на першы кутні, але выціснулі з яго толькі папярэджанне самім жа. 14 хвілін адгулялі — 0:0.
21:57
У сектары Б-12 на самым відным месцы вісіць вялікая Пагоня. Нешта ў краіне яўна адбываецца.
21:52
Найлепшы футбаліст мінулага Еўра Антуан Грызман спрабаваў з штрафнога перакінуць Андрэя Гарбунова, але не губляе пільнасці наш кіпер.
21:49
Ледзь абарона французаў не прывезла сабе праблем на пятую кропку, але брамнік Манданда падчысціў памылкі партнёраў.
21:47
У нападзенні ў зборнай Беларусі выйшаў форвард БАТЭ Мікалай Сігневіч, які ў гэтым чэмпіянаце не забіў ніводнага гола. У атацы ў французаў Аліўе Жыру з лонданскага «Арсенала».
21:45
Гульня пачалася. Французы развялі мяч.
21:44
Прыкладна вось такая растаноўка сёння ў нашай зборнай.
21:43
Прагучалі гімны Беларусі і Францыі. Беларускія гледачы дастаткова энергічна выканалі гімн.
21:38
Гэта першая афіцыйная сустрэча, якую наша зборная правядзе ў новай форме з элементамі вышыванкі.
Усім гледачам выдалі белыя майкі, на якіх на спіне нанесеная лічба 95 у гонар круглай даты «Белдзяржстраху».
На гульні будзе аншлаг. Толькі французскі сектар запоўнены добра калі на сёмую частку. Дастаткова незвычайнае відовішча, калі ўвесь стадыён на гульні зборнай пафарбаваны ў белы колер.
***
Сёння на «Барысаў-Арэне» ў стартавым матчы адборачнага турніру чэмпіянату свету зборная Беларусі прымае Францыю. Гэта першая гульня адбору.
Стала вядомыя колеры, у якіх згуляюць гаспадары. Галкіпер выйдзе на поле ў зялёнай форме, а палявыя гульцы — у бела-чырвоных камплектах, паведамляе твітар Беларускай федэрацыі футбола.
Наша каманда выйдзе ў наступным складзе: Гарбуноў, Палякоў, Паліцевіч, Сівакоў, Бардачоў, Корзун, Калачоў, Маеўскі, Стасевіч, Гардзяйчук, Сігневіч.
За Францыю згуляюць: Манданда, Кюрзава, Варай, Касэльні, Кантэ, Сісока, Марс’яль, Сідзібе, Грызман, Пагба, Жыру.