Літаратурную прэмію Angelus можна было б назваць сярэднееўрапейскім Нобелем, але гэта было б несправядліва. Бо Ангелус мае ўласны твар, і твар гэты - трагічны.

Прэмія ўручаецца пісьменьнікам з 21 краіны Цэнтральнай Еўропы, назвы якіх гучаць як літанія бяды (так ужо ў нас тут склалася). Прачытаўшы гэты спіс, не далічышся генацыдаў, войнаў, выгнанняў, прымусовай асіміляцыі, грамадзянскай разні: Албанія, Аўстрыя, Балгарыя, Беларусь, Боснія і Герцагавіна, Вугоршчына, Латвія, Літва, Македонія, Малдавія, Нямеччына, Польшча, Расія, Румынія, Сербія, Славакія, Славенія, Украіна, Харватыя, Чэхія, Эстонія.

Сярэдняя Еўропа — месца, дзе ніколі не засыхала кроў, а ў ХХ стагоддзі прайшло цэлае крывавае цунамі.

Таму, верагодна, і кнігі, уганараваныя «Ангелусам», цяжкія, яркія і незабыўныя, як наша агульная, прасякнутая целамі нашых продкаў зямля.

Фундатарам прэміі невыпадкова стаў вольны горад Уроцлаў, чый афіцыйны дэвіз - «Места сустрэч».

Праз Уроцлаў/Брэслаў каціліся войны, прымусовыя высяленні і засяленні, жылі тут немцы, палякі, украінцы, беларусы, чэхі. Прэмія была заснаваная ў 2006 г. і ўручаецца ўжо 11 раз. Сёлета яе лаўрэатам стаў румынскі пісьменнік армянскага паходжання Варуджан Вазганян, які забраў і прэмію глядацкіх сімпатый імя Наталлі Гарбанеўскай. Яго «Кніга шэптаў» апавядае пра генацыд армянаў 1915 г. Разам са славутай статуэткай аўтарства Евы Расана пісьменнік атрымаў 150 тыс. злотых.

Прыняўшы ўзнагароду з рук гаспадара, мэра Уроцлава Рафала Дуткевіча, Варуджан Вазганян сказаў: «Многія трагедыі не дачакаліся свайго голасу і сваёй мовы. Культура важнейшая за палітыку, асабліва ў нашай частцы свету. Калі што ўратуе чалавечнасць, дык толькі яна».

Вялікія трагедыі ня маюць адзінай мовы, гэта шэпт мільёнаў галасоў, часта мёртвых. Хто можа пачуць іх, як не пісьменнік, хто засведчыць іх колішняе існаванне, шчасце, пакуты, пагібель? Сярэдняя Еўропа — птушка Фенікс, якая згарае і кожнага разу адраджаецца не той, што была.

 

Галасы нявыжылых

Большасць з сёлетніх сямі фіналістаў прадставілі творы, якія апісваюць блізкія ці далёкія еўрапейскія трагедыі.

Анна Янко ў кнізе «Малое вынішчэнне» расказвае пра пацыфікацыю польскай вёскі 1 чэрвеня 1943 г. з перспектывы ацалелай 9-гадовай дзяўчынкі.

Літоўка Крыстына Сабалеўскайтэ ў «Silva rerum» звяртаецца да казацкіх пагромаў у Вільні. Гіне сям’я Навойшаў, і толькі ацалелыя ўнукі пераломяць злы рок гэтага роду. Альвідас Слепікас у кнізе «Мяне завуць Марытэ» апісвае, як маленькая немка Рэната ўцякла з Усходняй Прусіі, каб не згінуць ад рук «пераможцаў». Рэната стае адной з «ваўчыных дзяцей», сірот, якія туляюцца па Літве ў пошуках даху над галавой. Знайшоўшы бацькоў, яна змяняе сваё імя на Марытэ. Яе гісторыя - прыклад трагічнай долі дзясяткаў тысяч уцекачоў з Усходняй Прусіі пасля акупацыі Саветамі. Гэтая тэма і ў нашыя дні застаецца балеснай з-за рэзкай рэакцыі нашчадкаў «пераможцаў».

Вялікую цікавасьць выклікала кніга румына Крыстыяна Тэадарэску «Мэджыдыя, горад на памежжы». 103 нарысы ўкладваюцца ў раман-мазаіку, якая апісвае гістарычныя лёсы і трагікамізм паўсядзённасці памежнага румынскага мястэчка на пераломе 1930-40-х. Гумар Тэадарэску набывае часам нязноснае, д’ябальскае адценне. Да прыкладу, у момант, калі ўладца горада загадвае спаліць мясцовага пекара на ягонай уласнай лапаце ў яго ўласнай печы, галодныя жыхары мястэчка каўтаюць спачатку крык і слёзы, а потым і сліну ад апетытнага паху печанага мяса. Тым разам — чалавечага.

«Сольфатара» Мацея Хена апавядае пра масакру на вуліцах Неапаля 7 ліпеня 1647 г. Ацалелі двое — мясцовы хранікёр Фартуната Пятрэлі і княгіня Свевія д’Авалас. Гісторыя іх уцёкаў ператвараецца ў апісаньне няўдач, шчасьлівых выпадкаў і спробаў ацаліць жыцьцё.

І толькі сёмая кніга — «Аўтамат з газіроўкаю з газам і без» нашага славутага земляка Ўладзіміра Някляева - выбіваецца з панурай гістарычнай танацыі і апісвае часы амаль вегетарыянскія — апошнія гады адлігі 1960-х у савецкай Беларусі. Кніга была прыязна сустрэтая чытачамі.

 

Лаўрэаты Angelus у 2006-2016

У 2006 г. першым лаўрэатам літаратурнай узнагароды Сярэдняй Еўропы Angelus стаў украінскі пісьменнік Юры Андруховіч за «Дванаццаць колаў» — крымінальна-любоўны раман на тле Карпатаў.

У 2007 г. «Анёла» здабыў аўстрыйскі пісьменьнік Марцін Полак - за «Смерць у бункеры — раман аб маім бацьку». Бацька спадара Полака быў эсэсаўцам, і ў кнізе робіцца спроба разлічыцца з гэтай спадчынай-праклёнам. Дарэчы, як жартуюць чальцы журы, за 11 год існаваньня прэміі, адзіным палякам, які яе атрымаў, быў Марцін Полак.

У 2008 г. прэмія паехала ў Вугоршчыну з Петэрам Эстэргазі — за манументальную «Harmonia cælestis». 700-старонкавая кніга апісвае гісторыю роду вугорскай арыстакратыі Эстэргазі. Над ёй Петэр працаваў 10 год. Род Эстэргазі для Вугоршчыны — тое ж, што для нас Радзівілы. «Сярэднееўрапеец — гэта чалавек, якога ўвесь час пераследуе і забівае гісторыя», - піша Эстэргазі. Ён падважвае значнасьць бацькоўскага аўтарытэту — цывілізацыйнай падваліны сярэднееўрапейскага этасу.

У 2009 годзе ў фінал прэміі ўпершыню трапляе беларус - Ігар Бабкоў з раманам «Адам Клакоцкі і ягоныя цені».

Аднак прэмію атрымаў чэх Ёзэф Шкварэцкі за «Выпадкі інжынера чалавечых душ». Кніга напісаная чалавекам, які пераступае парог старасці і згадвае вайну, нямецкую ды савецкую акупацыю, эміграцыю. «Вылятаючы з Прагі, я бачыў на вуліцах сумных студэнтаў, а прызямліўшыся ў лонданскім Хітроў, пабачыў радасных дзяўчат. Гэтае перажыванне страсянула мяне. Гадзіна лёту — і такая прорва». Мэтай аўтара стаецца вывучэнне кантрасту, знітаванне досведу Заходняй і Усходняй Еўропы.

Angelus-2010 атрымаў Дзьёрдзь Шпіра за раман «Месіі». Шпіра — вугорац, зачараваны польскай культурай, апісвае лёсы і перажываньні польскіх эмігрантаў у Парыжы, адарванасьць загубленасьць, месіянізм, патрыятызм, якія дзіўна пераўвасабляюцца пад уздзеяньнем парыжскай алхіміі.

2011 год — гэта беларускі трыюмф на «Ангелусе». Прэмію ўручылі Святлане Алексіевіч за кнігу «У вайны нежаночае аблічча».

Але ў фінал выйшаў і «Рыбін горад» Наталкі Бабінай, які таксама меў вялікія шанцы на поспех. Беларусы біліся аб заклад, хто ж з нашых пісьменьніц возьме «Анёла».

 У 2012 г. Анёлам уганаравалі Міленку Ергавіча за кнігу «Срда спявае адвячоркам на Сёмуху». Дзяўчынка Срда, якая спявала і жабравала на вуліцах Заграба, таямніча загінула. Як — расказваюць пяцёра сведкаў, сярод якіх паліцыянт, мінак, вартаўнік трупярні. З прыватнай гісторыі паўстае Заграб, яго жыхары і ўцекачы, якія сцякаюцца ў горад з усіх канцоў агорнутай вайной Югаславіі.

У 2013 г. прэмію атрымала ўкраінская пісьменніца Аксана Забужка за кнігу «Музей пакінутых таямніц» — бестсэлер, гісторыю трох пакаленьняў украінцаў з вайны па сучаснасьць.

Angelus-2014 здабыў славак Павал Ранкаў за кнігу «Гэта сталася першага верасня (або калі-небудзь яшчэ). Гісторыя памежнага мястэчка Левіцы з 1938 па 1968 год. У Левіцах жывуць чэхі, цыганы, вугорцы, габрэі, немцы. Гітлераўская і савецкая навала, знішчэнне габрэяў, міжсобная калатнеча, паступовая страта шматколернасці і шматнацыянальнасьці Левіцаў — усё гэта дзеецца на вачах чытача. Кожны з раздзелаў рамана адбываецца 1 верасня, пачынаючы з 1938 г. Акупацыя, эміграцыя, фашызм, камунізм, нацыяналізм, калабарацыя, партыя, спецслужбаы, неабходнасьць гнуцца і нават мяняць імёны і нацыянальнасць — адвечны лёс сярэднееўрапейца.

Ангелус-2015 атрымаў выбітны ўкраінскі паэт і празаік Сяргій Жадан - за «Месапатамію», пяшчотную гісторыю пра Харкаў, сплеценую з 9 аповедаў і 30 вершаў. Беларусы радаваліся за Жадана як за свайго.

Беларус, беларус, час здабыці Angelus!

На маю думку, нам самы час паспрабаваць зноў здабыць прэмію Ангелуса. Выкажу непапулярную думку: беларуская літаратура апошнімі гадамі сталася значна больш шчырай, з яе сышла кан’юнктура, жаданне любой цаной спрыяць Адраджэнню. Родная мова перастала быць святыняй і самамэтай, ператварылася ў пісьменніцкі інструмент, якім многія валодаюць віртуозна. Ня буду называць імёнаў тых, хто на маю думку, мае міжнародны патэнцыял — проста каб не класці на іх плечы груз чаканняў. Але людзі вялікага дару і працалюбнасці — ёсць.

Значна ажывіла нашую прозу і прэмія Гедройца — зноў жа, дзякуючы нашым польскім сябрам.

З’явіўся матэрыяльны стымул пісаць не толькі ў стол. Вядома, нашыя пісьменнікі не жывуць пяром. Пошук хлеба надзённага, малая колькасць чытачоў і іх худыя кашалькі «звужаюць» кармавую базу пісьменьніка і адвучаюць яго марыць пра далягляды. Аднак яго цяжкая і знясільваючая праца павінна быць ацэненая — гэта пытанне справядлівасці.

У нас багатая гісторыя. Цяпер толькі трэба пекна яе расказаць. Ніхто не асэнсуе і не раскажа яе за нас, ніхто не выкліча да жыцця спевы і шэпты нашых мёртвых, «зямлёй прыкрытых, незабытых».

Літаратура здольная сцягнуць і знітаваць адрыў ад Сярэдняй Еўропы, які так пашырае ўсходні сусед, цягнучы Беларусь у свае гвалтоўныя абдымкі. Аднак можам застацца сабой толькі ў Еўропе Гэта наша калыска, наша сям’я і дамавіна.

Што трэба зрабіць каб атрымаць прэмію Angelus?

  1. Напісаць кнігу прозы.
  2. Выдаць яе.
  3. Зацікавіць перакладчыка і выдавецтва ў Польшчы і выдаць там пераклад.
  4. Заявіць выдадзеную кнігу ў журы Ангелуса да канца лютага наступнага года (гэта робіць выдавецтва).
  5. Быць найлепшым і выйграць.

 

Зрэшты, пытанне нават не ў прэміі. Проста хочацца добрых кніг, напісаных амбітна і ярка.

* * *

Святлана Курс — беларуская журналістка і пісьменніца. Друкавалася пад псеўданімам Ева Вежнавец. У 2008 выдала кнігу прозы «Шлях дробнай сволачы». Жыве ў Варшаве, працуе журналісткай на Еўрапейскім радыё для Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0