Пад Віцебскам прайшло тактычнае вучэнне з баявой стральбой парашутна-дэсантнага батальёна 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады, піша vsr.mil.by
Дэсантнікі правялі контрдыверсійныя дзеянні па пошуку і знішчэнні «умоўных незаконных узброеных фармаванняў».
У вучэнні прымала ўдзел 1-я мабільная рота разам з разведвальнымі, зенітнымі, гаўбічнымі і гранатамётнымі падраздзяленнямі брыгады.
Спачатку дэсантнікі шукалі праціўніка, блакіравалі і знішчылі яго. Занялі пазіцыі, арганізавалі ўсебаковае забяспячэнне і ахову. Атрымалі новы загад, шукалі сховішча зброі незаконнага ўзброенага фармавання (НУФ), потым вялі бой з вялікім атрадам баявікоў.
На наступным этапе (вучэнні доўжыліся двое сутак, падчас якіх салдаты і афіцэры амаль не спалі) да дэсантнікаў далучыліся тэрытарыяльныя войскі.
Цяпер батальён правядзе батальённыя вучэнні, каб замацаваць навыкі ўзаемадзеяння ўсіх падраздзяленняў ўсёй баявой адзінкі.
У верасні вялікія вучэнні правяла 19-я асобная механізаваная брыгада беларускай арміі — разам з войскамі МУС яна блакавала, а потым знішчыла праціўніка, якога афіцыйна называлі «сепаратыстамі».
Сюжэт вераснёўскага вучэння вельмі нагадваў першы этап узброенага супрацьстаяння на Данбасе — калі атрад пад кіраўніцтвам афіцэра ФСБ РФ Ігара Гіркіна («Стралкова») захапіў украінскі горад Славянск і пачаў вярбоўку ў свой склад мясцовага насельніцтва.