Клясык беларускай літаратуры нарадзіўся 26 лістапада 1930 году ў Воршы. Зь Віцебскам яго зьвязвае найперш супрацоўніцтва з Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Якуба Коласа — тут ставіліся п’есы па ягоных творах.
На кожныя ўгодкі людзі нясуць кветкі да ягонага помніку на вуліцы Чэхава ў Віцебску. Сёлета сабралася каля двух дзясяткаў чалавек.
Яны прынесьлі кветкі, адзін з актывістаў Хрыстафор Жаляпаў разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг. Прысутныя пачыталі вершы клясыка, прадстаўнік Таварыства беларускай мовы Іосіф Навумчык падзяліўся асабістымі ўспамінамі пра знаёмства з Уладзімерам Караткевічам.
Селета, дзякуючы ініцыятыве каардынатаркі па стварэньні партыі БХД Тацяны Севярынец, гарадзкая служба ЖКГ зрабіла тут рамонт: адрэстаўравалі прыступкі, што вядуць да манумэнту, і плітку вакол яго. Гэта трэба было зрабіць на знак павагі да пісьменьніка перад ягонымі ўгодкамі, кажа спадарыня Тацяна. А яшчэ й таму, што ў апошнія некалькі месяцаў гэты помнік стаў знакавым гарадзкім аб’ектам: тут зьбіраліся пратэстоўцы супраць будаўніцтва ў Віцебску копіі полацкага Сафійскага сабору.
***
Каля помніка у аршанскім дзіцячым парку прайшлі традыцыйныя літаратурныя чытаньні з удзелам сяброў літаратурнага аб’яднаньня «Дняпроўскія галасы».
***
У Кіеве кветкі да помніка пісьменьніку ўсклалі прадстаўнікі кіеўскага БелРазмоўКлюбу. Яны таксама зачыталі ягоныя вершы.
Ушанаваньне памяці Караткевіча — традыцыйная штогадовая акцыя БелРазмоўКлюбу ў Кіеве.