Паліцыя ЗША шукае мужчыну, якому ўдалося сцягнуць з браняванай інкасатарскай машыны ў Нью-Ёрку кантэйнер з золатам вагой у 36 кілаграмаў, піша ВВС. 

NBC

Крадзеж адбыўся 29 верасня ў адным з самых загружаных раёнаў Манхэтэна Мідтаўн, але вядома пра яго стала толькі цяпер. Выкрадзенае золата ацэньваецца прыкладна ў 1,6 млн. даляраў.

На кадрах з камер вонкавага назірання відаць, што машына на некаторы час была пакінутая без нагляду, і злачынцу спатрэбілася ўсяго 20 секунд, каб пракруціць справу. Аднак ноша аказалася занадта цяжкай, і на кадрах CCTV відаць, што зламыснік цэлую гадзіну пераадольваў адлегласць, якую можна прайсці за 10 хвілін.

Злодзей ішоў па шматлюднай вуліцы, раз-пораз спыняючыся, каб перавесці дыханне. Потым ён выйшаў з зоны ахопу камер. Улады мяркуюць, што ён пакінуў Нью-Ёрк і цяпер хаваецца недзе ў Арланда або ў Маямі, штат Фларыда.

Паліцыя схіляецца да версіі, што мужчына проста прагульваўся непадалёк, калі ўбачыў, што адкрытая машына пакінутая без нагляду. Адзін з ахоўнікаў панёс па адрасе дастаўку, а другі на хвіліну адышоў да кабіны за мабільным тэлефонам, пакінуўшы адкрытым кузаў.

«Я думаю, ён проста скарыстаўся магчымасцю, узяў кантэйнер і толькі яго і бачылі», — кажа дэтэктыў нью-ёркскай паліцыі Марцін Пастар. На яго думку, злачынец не ведаў, што менавіта знаходзіцца ў кантэйнеры.

Золата коштам у мільёны даляраў знаходзілася ў немаркаваным чорным металічным вядры.

Па апісанні паліцыі, зламысніку прыкладна 50-60 гадоў, ён лацінаамерыканскага паходжання, ростам каля 170 см і вагой прыкладна ў 70 кг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?