Апошнім часам стала прыкольна езьдзіць у тралейбусах. Цяпер на прыпынках пасажыры ўважліва скануюць падыходзячую машыну на прадмет бясьпекі. Быццам «тралейбус-забойца» павінен цягнуць за сабою жмут аголеных правадоў і зіхацець, як дыскатэка. У салёне людзі рухаюцца больш асьцярожна, намагаючыся трымацца выключна за ізаляваныя парэнчы, чым нагадваюць кульбіты Джона Сыльвэра на палубе карвэта, што трапіў у шторм. Выразы твару некаторых сьведчаць, што яны знаходзяцца ў экзыстэнцыяльным трансе: «Заб’е — не заб’е, а калі заб’е — чаму? Можа, таму, што няправільна жыў?»

Стаўлю зуб, што адзін з тых, хто міжволі стаў сьведкам надзвычайнага здарэньня, перад тым як сесьці ў тралейбус, выпадкова зрабіў нейкую экстравагантную рэч — напрыклад, выкінуў «Саўбелку» ў сьметніцу са словамі «Кітай, Кітай!.. Хіба той Ху… (Выразана цэнзурай. — Рэд.) Цзіньтао мне жыроўку аплаціць?!» Цяпер ён лічыць, што гэта выратавала яму жыцьцё, і, ідучы на транспарт, абавязкова скланяе імя старшыні КНР. А днямі я бачыў каргу, якая перад тым, як стаць кліентам «Менсктрансу», ахінула пэрпэтум мобіле крыжам. На нашых вачах фармуецца нейкая новая культура стаўленьня людзей да машын.

Мы назіраем першыя пробліскі ерасі, якая відавочна стане даміноўнай ірацыянальнай дактрынай XXI ст. Татальная залежнасьць чалавека ад тэхнікі правакуе этыку пакланеньня перад вышэйшым машынным розумам. Хіба не ад яго залежыць, ці ты будзеш нармальна жыць і зарабляць, ці твой комп лясьнецца, і табе давядзецца тыдзень бегаць па кампутаршчыках у пошуках нейкай WinFast PX6600 TD 256MB DDR2.

Дзіўным чынам беларусы апынуліся ў авангардзе трэндаў чалавечай думкі. Гэта ставіць перад намі цікавае пытаньне: што рабіць далей? Магчымыя адказы:

а) пусьціць справу на самацёк. Калі найбліжэйшым часам на тралейбусных лініях нічога ня здарыцца, забабоны разьвеюцца, і мы зноў будзем бестурботна на халяву езьдзіць 29-м на Камароўку, выразаючы на сьпінках тралебуйснага крэсла «Шахцёр — чэмпіён» або «Луку на муку»;

б) выкарыстаць момант, пнуць Філарэта і ўвесьці культ галоўнай машыны (кампутара) па вэрсіі монатэістычных рэлігій, а тралейбусаў, якія мочаць токам, трактаваць як камісараў вышэйшай сілы накшталт арханёлаў.

Натуральна, апошняе слова належыць Яму. Калі заўтра «Саўбелка» паўмільённым накладам не абвесьціць, што 24 сьнежня — дзень нараджэньня сына паўправадніка, фіг што выйдзе.

Я, натуральна, маленькі мураш, якога кожную хвіліну можна па 153 артыкуле КК адправіць на нары, аднак асьмелюся прасіць Вашу Вялікасьць яшчэ раз усё ўзважыць.

Што лепей — заставацца нейкім славянскім Труворам ці стаць апосталам новай сусьветнай рэлігіі, якая позна ці рана запануе на плянэце? Альбо чалавецтва праз 20 гадоў будзе пачынаць перазагрузку зь «Біл Гейтс іжэ ясі на небясі», альбо…

P.S. Калі вы зробіце выбар на карысьць другога варыянту, можна, я буду «Лёлікам Прадцечам»?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0