Трое беларусаў вырашылі падзарабіць кантрабандай цыгарэт. І прыдумалі цікавы спосаб іх дастаўкі.
У ноч а 6 ліпеня на стыку межаў Міёрскага і Верхнядзвінскага раёнаў Віцебскай вобласці памежнікі затрымалі трох беларусаў.
Непрацуючыя мужчыны — жыхары Смалявічаў, Оршы і Полацка — збіраліся пераправіць буйны груз цыгарэт у Латвію з дапамогай дэльтапланаў з маторам.
Фота: Дзяржаўны памежны камітэт
«У навігацыйным абсталяванні быў запраграмаваны маршрут палёту праз мяжу Беларусі. Канчатковай кропкай незаконнай дастаўкі павінен быў стаць населены пункт Рабежніекі ў Латвіі. На месцы былой узлётна-пасадачнай паласы сельскагаспадарчага прызначэння ўдзельнікі групы арганізавалі месца часовага размяшчэння, там знаходзіўся прычэп-кемпінг», — паведамілі ў ДПК.
У выніку арыштаваныя два мотадэльтапланы, два мікрааўтобусы, легкавое аўто, прычэп-кемпінг, партатыўныя радыёстанцыі і спецыяльная лётная экіпіроўка. А таксама тавар — 160 тысяч штук цыгарэт.