15 снежня мінулага года 5-гадовы Брэдлі Лоўэры выйшаў на поле перад матчам «Сандэрленда» супраць «Чэлсі» і забіў гол у вароты Асміра Бегавіча. Гэта была дабрачынная акцыя, арганізаваная «Сандэрлендам» у падтрымку свайго юнага заўзятара.
У пачатку студзеня BBC абвясціла, што два найлепшыя мячы снежня забілі Генрых Мхітаран і Брэдлі Лоўэры.
У паўтара года ў хлопчыка была дыягнаставана нейрабластома, рак нервовай сістэмы. Больш за два гады лячэння прынеслі вынік — наступіла рэмісія. Але праз год рак вярнуўся.
«Сандэрлэнд» узяў малога пад сваё крыло чатыры гады таму, і за гэты час Брэдлі стаў самым знакамітым заўзятарам клуба. За яго лёсам сачыла ўся прэм'ер-ліга — і футбалісты, і заўзятары.
Брэдлі не раз выходзіў на поле разам з гульцамі «Сандэрленда», а аднойчы нават выйшаў на матч зборнай Англіі супраць Літвы — разам з Джэрмэйнам Дэфо, які тады быў капітанам каманды.
Дэфо асабліва моцна пасябраваў з Брэдлі, і ўвесну пабываў на яго шостым дні нараджэння.
А 1 ліпеня яны бачыліся апошні раз — Джэрмэйн прыязджаў наведаць маленькага сябра.
У чацвер у «Борнмута» была прэс-канферэнцыя да адкрыцця сезона, на якой быў і Джэрмэйн Дэфо, які перайшоў гэтым летам з «Сандэрленда». Ён ужо ведаў, што стан Брэдлі рэзка пагоршыўся. Калі яго спыталі пра хлопчыка, Джэрмэйн не змог стрымаць слёз.
Сёння разам з ім плача ўвесь свет. Брэдлі Лоўэры не стала.