У Магілёве насупраць ратушы паставілі памятны знак стаўцы расейскага імпэратара Мікалая ІІ. Апошні расейскі самаўладца камандаваў з Магілёва сваімі войскамі ў Першую ўсясьветную вайну. Адзначыць падзею, якія адбываліся ў беларускім горадзе на пачатку ХХ стагодзьдзя з удзелам расейскага цара, вырашыла гарадзкая адміністрацыя.

Знак паставілі насупраць ратушы, на найстарэйшай плошчы гораду, што цяпер завецца плошчай Славы. Урачыстага адкрыцьця пакуль не было. Надпіс на знаку — на беларускай і расейскай мовах.

«У мяне няма адчуваньня, што я зрабіў нешта кепскае, — кажа аўтар памятнага знаку, магілёўскі скульптар Андрэй Вераб’ёў. — На маю думку, гэты памятны знак — кампрамісны варыянт помніка Мікалаю ІІ, ідэя ўсталяваньня якога пастаянна ўздымаецца пэўнай часткай грамадзкасьці Магілёва. Памятным знакам зафіксаваная падзея, якая адбылася ў гісторыі гораду. Заганы ў гэтым няма. Я пастараўся перадаць у кампазыцыі дух таго часу. На знаку рамізьнік, будынкі кіраўніцтва губэрні і звон з выявай Мікалая ІІ».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?