Ад 12 чэрвеня падаражаў праезд на чыгуначным транспарце ва Ўкраіне. Для Крыму гэта ня лепшы падарунак да пачатку курортнага сэзону. Бо 90% турыстаў прыяжджаюць да мора менавіта на цягніках.

На крымскіх вакзалах пачаліся гарачыя дні. Штодня на паўвостраў прыяжджаюць тысячы курортнікаў з розных гарадоў Украіны, Беларусі і Расеі. Зрэшты, у цягніку з Мурманску пасажыраў няшмат. Кусаюцца новыя цэны на квіткі, пужаюць палітычныя навіны з Крыму. "Ну, баяцца людзі ў сувязі з апошнімі падзеямі. Хаця разумеюць, што звычайны народ тут зусім не пры чым," - кажа турыстка з Мурманску.

Падаражаньне адпачынку - аб'ектыўная неабходнасьць - пераконваюць у крымскім міністэрстве курортаў. Бо падвысіліся кошты на энэрганосьбіты, паліва і прадукты. Такім чынам, для небагатых турыстаў, якія традыцыйна выбіралі Крым, паездка становіцца нявыгаднай. Заможныя - едуць за тыя ж грошы ў Балгарыю і Турцыю. А для турфірмаў, якія арыентаваліся на Крым, ударам сталі новыя цэны на квіткі.

"Турфірмы і турапэратары зьвярсталі свае пакеты ўжо даўно. Яны прадавалі іх разам з праездам, ад лістападу. Што ім цяпер рабіць?" - кажа Марына Сьлесарава, намесьніца міністра курортаў і турызму Аўтаномнай рэспублікі Крым.

Расейскія турапэратары баяцца прадаваць пуцёўкі на паўвостраў таксама і з-за феадасійскіх падзеяў. Людзі пачалі адмаўляцца ад пуцёвак, асабліва дзіцячых.

"Тыя турапэратары, якія гадамі працавалі з здраўніцамі, асабліва ўсходнімі, пачынаюць сумнявацца," - паведамляе Уладзімер Салаўёў, міністар курортаў і турызму Крыму. - Апошнія падлікі сьведчаць - колькасьць турыстаў у Крыме на леташнім узроўні. Але ці ня зьменшыцца іх колькасьць, залежыць ня толькі ад бізнэсоўцаў, але і ад палітыкаў.

Газета по-киевски

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0