Супрацоўнікамі Ўпраўлення КДБ па Гомельскай вобласці ў Мазыры арыштаваны старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку раённага аддзела ўнутраных спраў.

Арышт здзейснены ў межах выкаранення карупцыі ў шэрагах супрацоўнікаў МУС. Цалкам магчыма, што гэта працяг так званай «паляўнічай справы» .

Падрабязнасці новага карупцыйнага скандалу пакуль не разгалошваюцца. Але мазырская міліцыя чакае працягу, бо кажуць, што чэкісты актыўна працуюць з мясцовымі жыхарамі, вышукваючы новыя карупцыйныя факты.

Маёр Мазырскага РУУС быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ паводле падазрэння ў падбухторванні да дачы буйнога хабару свайму кіраўніцтву.

Згодна з папярэдняй версіяй, маёр падбухторваў да дачы хабару мясцовую жыхарку, працоўную РУП «Этанол», сын якой патрапіў пад следства за здзейсненае злачынства. Каб дапамагчы сыну, жанчына сустрэлася з маёрам крымінальнага вышуку, паводле аператыўных дадзеных якога і была заведзеная справа. Справа маладога чалавека знаходзілася ўжо ў іншай службе і крымінальны вышук не мог паўплываць на ход расследавання, таму маёр прапанаваў свае паслугі ў якасці пасрэдніка. Кошт вырашэння пытання склаў 3 тысячы даляраў. У якасці авансу жанчына сабрала тысячу даляраў і перадала іх маёру. Пасля гэтага ён быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ Гомельскай вобласці. Заведзена крымінальная справа паводле ч.5 ст.16, ч.2 ст.431 КК.

Зараз супрацоўнікі КДБ высвятляюць, каму прызначаўся хабар за вызваленне сына мясцовай жыхаркі.

ВЖ, паводле Ежедневник

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0