Як ні круці, а свята ўраджаю Дажынкі мае паганскія карані. Наўрад ці міма такой акалічнасці пройдуць секты фанатаў Перуна, Ярылы і Бабы Ягі . Фельетон Лёліка Ушкіна.

1.

Роберт Лэнгдан, галоўны герой «Коду да Вінчы», прафесар Гарварду, эксперт у пытаннях містыкі, кілбасіўся пад фанеру на цэнтральнай плошчы Кобрына. Паверх ягонага касцюма ад Dolche & Habana красавалася павязка з надпісам «Перадавік-2009». Такім чынам, занурыўшыся ў атмасферу свята ўраджаю, прафесар збіраўся перашкодзіць планетарнай катастрофе.

2.

Усё пачалося некалькі дзён таму, калі яго выклікалі ў Ватыкан.

Пантыфік, адклаўшы ўбок, закладзены на старонцы з літарай «Ж», буквар, прывітаў Лэнгдана.

— Гутэн так. Знаеце, мяне запрашаюць у Беларусь.

— Крута. Там «Лінія Сталіна» суперская. Найлепшая ва Усходняй Еўропе.

— Мяне турбуе такая цеплыня і настойлівасць. Мяркую, нехта там хоча адцягнуць маю ўвагу ад чагосьці вельмі важнага... Што вы ведаеце пра Дажынкі?

Прафесар задумаўся:

— Ну, гэта былое паганскае свята ўраджаю. Зараз кіч і прапаганда.

— Не ўсё так проста…

Папа разгарнуў на стале нейкі ватман.

— Перад вамі — план расстаноўкі патрулёў у Кобрыне падчас Дажынак. Дзіўна, аднак тут ёсць геаметрычная логіка.

Пабачыўшы схему прафесар ледзь не забыўся, як зваць Абаму:

— Гэта ж… частка рытуалу выклікання Перуна! Копы фармуюць салярную трапецыю. Застаецца каб нехта стаў у цэнтры і прачытаў: «сі есть Перунъ же въ бяше акі пакі аще есмь». І тады на зямлю прыйдзе Пярун. Нам усім будзе хана! Што, што знаходзіцца ў цэнтры?

Папа палез у паперкі:

— Не можа быць! Трыбуна лідэра...

Лэнгдан зразумеў план змоўшчыкаў.

— Яны збіраюцца падсунуць лідэру свой тэкст. Ён яго на аўтамаце агучыць і ....Трэба тэрмінова ехаць у Кобрын.

3.

Флёр успамінаў пра Рым абарвала пытанне:

— Прабачце, гэта вы той славуты перадавік, які падчас уборачнай выпіў усяго 250 грам?

Перад Лэнгданам стаяла прыгажуня з глыбокімі выразамі ва ўсіх частках адзення. Адступаць не было куды.

— Ну!

— Я з газеты «Стабільная Кобрыншчына», наконт інтэрв’ю. Давайце толькі за рог будынку. Тут столькі гуку!

Як толькі завярнулі за рог, Лэнгдан атрымаў па рагах чымсьці цяжкім.

Калі ён прыйшоў да цямы, над ім стаялі мажныя дзядзькі, чыноўнікі на выгляд. Адзін з іх трымаў у руках нейкую паперку, а другі — касцяную нагу.

— А, прафесар! Думаеце, мы вас не пазналі? Мы — вярхоўныя жрацы Бабы Ягі. Вось гэты тэкст мы зараз падсунем лідэру, і праз пару хвілін на зямлю вернецца Пярун!

І жрацы са злавесным рогатам пабеглі да трыбуны.

4.

Перамагаючы боль, Лэндгдан дастаў мабільнік.

— Алё, міліцыя. Зараз міма мяне у кірунку плошчы прайшла парачка. Я пазнаў іх: апазіцыянеры. Маюць антыдзяржаўныя ўлёткі і цяжкія прадметы... Ужо прымаеце меры? Дзякуй.

Так быў выратаваны свет.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?