Чакаць гадоў пяць‑шэсць, пакуль да нас прыедзе нехта сапраўды першарадны з сусветнай музлігі будзеш? Буду. На опэн‑эйр у кастрычніку, калі яшчэ пару градусаў — і гарбата ў тваім пластыкавым кубачку зробіцца марозівам, пойдзеш? Пайду. Стаяць у даўжэзнай чарзе ля ўваходу і потым танчыць свае, толькі табе вядомыя танцы пад пільным і цікаўным вокам маладых амапаўцаў будзеш? Буду, буду, буду! Дзе запісвацца? Піша Павел Касцюкевіч.

 Фота generation.by

Фота generation.by

Увесь фотарэпартаж

Мы — «буду»‑піпл: на ўсё падпісаныя, абы атрымаць доступ да нашага лапіка кайфу, згодныя на простую, хай сабе непазалочаную рамку, праз якую глядзецьмем наш ракенрол. Нават забарону апошніх часоў прадаваць алкаголь на канцэрце (што, дарэчы, па добрай развазе, не можа не выклікаць ухвальнага кіўка) стрывалі. Нас і так торкае: ад аднаго безалкагольнага drum’у, без усякага аліварыйскага экстазі.

Мы — «буду»-піпл, але таму і мэджык піпл: чароўныя, як трусікі. Файныя, як fine. Абсалютна магічным, але цалкам справядлівым чынам нашыя негатыў і пазітыў у роўнай ступені вартыя нас. І старасвецкі стадыён з кіслотна‑памаранчавымі сядзеннямі; і нечаканая для самой сябе поўня, залатая медалька, аточаная неверагоднай зграяй менскіх варонаў, — усе гэтыя элементы інтэр’ера, якія зрабіліся сведкамі нашых цмяных танцарухаў, вартыя нас. Гэты хіповы карсар, Кейт Флінт, у майцы на босае цела і блазенскіх нагавіцах, таксама заслужыў нашую прысутнасць. Чарнаскуры рэальны лонданскі шпанюк, Максім Рыяліці, які ведае шмат аднакарэнных словаў, што на «f» пачынаюцца, усё ж атрымаў гонар выступаць in Belarus. Ён ужо мае магчымасць сказаць нам яго паўпраўдзівае, шмат разоў паўторанае «I’m glad to be here!». Нашу ўвагу ўрэшце здолеў захапіць мозг вандроўнай банды вытворцаў рытмічных шумоў, музычны вундэрдзядзька, Ліям Хаўлет. Хітам «Firestarter», «Woodoo People» і «Poison» праз столькі гадоў выпала быць пачутымі тут.

Сакрэт нашага чараўніцтва такі: мы, «буду»‑піпл, іх перацярпелі. Яны ўрэшце не вытрымалі, не змаглі без нас, і першымі прыехалі сюды менавіта яны, а не мы да іх туды.

Прачытай і перадай другому: «БАТЭ‑Prodigy 2:1».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?