Мастацтва ніколі не павінна вучыць, кіно не выхавае і не навучыць, заявіў на прэс‑канферэнцыі ў Гомелі 16 лістапада вядомы польскі рэжысёр Кшыштаф Занусі.

«Мастацтва не можа гэтага рабіць. Калі мастацтва бярэ на сябе ролю настаўніка — мы ўваходзім у таталітарны рэжым. Гэтага не павінна быць ніколі, — лічыць рэжысёр. — Мастацтва — гэта такі працэс, дзе мы дзелімся з іншым чалавекам нашым вопытам і нашым сумненнем. Мы не інжынеры чалавечых душ, гэта быў вельмі няправільны выраз. Мы павінны быць заўсёды партнёрам нашага гледача, а не настаўнікам».

Гаворачы пра масавую культуру, Занусі заўважыў, што мастацтва ў любы час выходзіць насустрач слабасці пакупніка і прапануе яму тое, што ён хоча ў сваёй маральнай і душэўнай слабасці.

«Столькі кепскіх і дурных карцін з’яўляецца таму, што людзі з задавальненнем купляюць, але ў публікі ёсць і іншае жаданне — каб мастацтва іх падцягвала вышэй, таму ёсць і такія прапановы.

Гэта выбар чытача і гледача», — сказаў рэжысёр. На яго думку, вінаваты перш за ўсё пакупнік, а не той, хто яму прадае «атручаныя тавары», таму што «на іх напісана, што яны атручаныя, людзі гэта ведаюць, яны нясуць адказнасць, што разбураюць каштоўнасці».

Успамінаючы пра жыццё і творчасць у камуністычнай Польшчы, Занусі падкрэсліў, што ён не мог падтрымліваць тую сістэму, паколькі ён і яго сям’я ў яе не верылі.

«Мы не выбіралі тую сістэму — яна прыехала на савецкіх танках.

У нас камунізм не быў карэнны, родны. Трэба было ў гэтым свеце знайсці спосаб, як працаваць, мы гэты спосаб знаходзілі. З 1956 года камуністычны рэжым у нас не быў такі строгі, як у іншых краінах. У нас гаварылі, што ў сацыялістычным лагеры

Польшча была самым вясёлым баракам.

Гэта нас забаўляла. У нас было значна больш свабоды, былі кантакты з Захадам, мы туды маглі ездзіць. І калі прыйшла свабода, многія мае калегі ўжо ведалі, якія будуць новыя прынцыпы гульні і як знайсці сябе ў гэтым», — сказаў Занусі.

Ён паведаміў, што рыхтуе сцэнарый «у абарону жанчын ад феміністак і ў абарону мужчын, таму што гэтая з’ява стала небяспечнай, агрэсіўныя феміністкі «забіваюць» мужчын і жанчын».

Рэжысёр прызнаўся, што з Беларусі традыцыйна павязе мясцовы каньяк, з Гомеля адправіў пяць паштовак. У горадзе ён зайшоў у касцёл, паколькі «заўсёды прыемна наведаць тыя месцы, дзе католікі ў меншасці». «У Пекіне я таксама наведваў каталіцкі храм — размаўляў там з кітайцамі‑католікамі, гэта было мне цікава», — адзначыў рэжысёр.

Алена Германовіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0