План праекту берлінскай гары Якаба Тыгеса

План праекту берлінскай гары Якаба Тыгеса

20 гадоў пасля руйнавання даўжэзнай сцяны, што секла горад папалам, берлінцым прапанавалі новы амбітны архітэктурны праект — кіламетровую гару, якая паводле праект можа ўзнесціся ў самым цэнтры Берліну, на месцы старога аэрапорта «Тэмпельгоф».

1. А давайце...

Усё пачалося з 35-гадовага дойліда Якаба Тыгеса, калі ён надумаў браць удзел у конкурсе на забудову плошчы былога лётнішча ў цэнтры Берліну. На конкурс паступіла больш за тысячу прапановаў, але толькі Тыгесавая заяўка, якая суправаджалася стракатымі абвесткамі на вуліцах гораду і бурлівай рэкламнай кампаніяй у Сеціве, змагла прыкуць увагу грамадскасці і прэсы.

Замест таго, каб пільнавацца патрабаванняў конкурсу і спраектаваць якіясці жылыя раёны або чарговы гарадскі парк, берлінскі архітэктар прапанаваў пабудаваць зялёную гору вышынёй з кіламетр,
якая мецьме маршруты для караскання і гарналыжны курорт, аснашчаны пад'ёмнікам. Паводле дзёрзкага праекту берлінская гара — гэта калаж усіх найпрыгажэйшых гор свету, ад Альпійскіх узвышшаў да гары Каркаваду ў Рыё-дэ-Жанэйра.

Да вяршыняў!

Яшчэ непабудаваная гара адразу зрабілася сенсацыяй: нямецкія СМІ запоўніліся артыкуламі пра будучыя выгоды праекту,

адкрыўся інтэрнэт-сайт прыхільнікаў гарадскога горабудаўніцтва, вагоны берлінскага метро спярэшчылі графіці з альпінісцкімі сюжэтамі, а для дзетак у школах пачалі ладзіць конкурсы малюнка: «Рысуем берлінскую гару».
І вось цяпер, 20 гадоў пасля падзення муру, калі жыхары і ўлады Берліну па-ранейшаму забаўлены пошукамі новага аблічча і іміджу для ўзя'днанага гораду, такія дзёрзкія прапановы з горнымі лыжамі ў цэнтры нямецкай сталіцы шмат каму прыйшліся да сэрца.

Сам жа аўтар ідэі зусім не чакаў падобнага зацікаўлення і адно хацеў звярнуць увагу на архітэктурны патэнцыял Берліна. «За 15 гадоў існавання конкурса на забудову «Тэмпельгофу» найлепшыя архітэктары свету падавалі свае самыя нудныя і шэрыя праекты, і таму мне закарцела зрабіць нешта сапраўды цікавае, — кажа Якаб Тыгес. — Бо нашто нам чарговыя жылыя кварталы ў цэнтры горада? Муніцыпальныя палітыкі бачуць у «Тэмпельгофе» праблему, якую трэба развязаць, а я кажу: можа, выпрацуем нешта больш прывабнае або па-просту пачакаем?»

Прапанова дойліда Тыгеса не прайшла нават у фінал конкурса, але той не пераймаецца: «Самае галоўнае, што праект ужо ў людскіх галовах. Кожны можа ўявіць гару, якую ён захоча. Гэта падсцёбвае людзей прыдумываць нешта неверагоднае і прыгожае на месцы аэрапорта.

Мая гара — гэта толькі стратэгія для рашэння, а не само рашэнне».

«Тэмпельгоф», 1984 г.

Сімвал нямецкай мінуўшчыны

Аэрапорт «Тэмпельгоф» — знакавае для немцаў месца. Яго пабудавалі ў 1923 годзе, тры гады да з'яўлення авіякампаніі «Люфтганза». Будынак аэрапорта дарабілі ўжо нацысты, у 1933. Паводле генеральнага плана забудовы Берліна, вялізны тэрмінал павінны быў адлюстроўваць нацыскую ідэалогію, служыць брамай у звышдзяржаву, дэманстраваць яе тэхналагічную моц. «Тэмпельгоф» быў тады самым вялікім аэрапортам у свеце і адным з самых шыкоўных: яго даўжыня была амаль паўтара кіламетры, пад зямлёй былі зроблены вялізныя плошчы, адведзеныя пад сховішчы, а на зямлі запрашалі да сябе пакупнікоў першыя ў свеце крамы «Д'юці-фры». У час вайны «Тэмпельгоф» служыў цывільным і вайсковым аэрапортам, а пасля Падстамскай дамовы адышоў пад амерыканскую юрысдыкцыю.

Для паваеннага пакалення берлінцаў «Тэмпельгоф» - ужо сімвал выратавання і свабоды. У часе савецкай блакады Заходняга Берліна ў 1948 годзе, аэрапорт служыў паветраным мастом для двух з паловай мільёнаў заходніх берлінцаў: амерыканцы і брытанцы забяспечвалі горад харчамі і лекамі. Пасля адкрыцця іншых лётнішчаў у Берліне ў 60-80 гады значнасць «Тэпельгофа» паменшылася. Цяпер будынак аэрапарта — месца для мастацкіх выставаў, а таксама жывы напамін пра горка-салодкае мінулае гораду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?