З 9 па 14 сакавіка ў сталічным кінатэатры «Цэнтральны» пройдзе чарговы Тыдзень французскага кіно, арганізаваны пры падтрымцы пасольства Францыі ў Беларусі.

Як паведаміла вядучы метадыст кінатэатра «Цэнтральны» Святлана Віткоўская, Тыдзень французскага кіно праходзіць у пачатку вясны ўжо пяты год. Пасольства Францыі ў Беларусі традыцыйна прадстаўляе ўжо папулярныя ў гледача фільмы, нярэдка ўдастоеныя ўзнагарод на кінафестывалях. Карціны дэманструюцца на французскай мове з рускімі субцітрамі. Як адзначыла Віткоўская, у цяперашняй праграме кіно пераважаюць камедыі. Упершыню ў рамках Тыдня французскага кіно дэманструецца таксама мультыплікацыйны фільм, прызначаны для сямейнага прагляду.

Тыдзень французскага кіно адкрыецца 9 сакавіка ў 18.30 камедыяй «Нуль» (2006) рэжысёра Паскаля Томаса. Фільм таксама будзе паказаны 11 сакавіка ў 21.00.

10 сакавіка ў 19.00 і 12 сакавіка ў 21.00 будзе прадстаўлена камедыя «Чужынцы» (1993) рэжысёра Жана‑Мары Пуарэ.

10 сакавіка ў 21.00 і 11 сакавіка ў 18.30 будзе дэманстравацца драма «Асалода — Палома» (2007) рэжысёра Надзіра Макнеша. Прэм’ерны паказ фільма прайшоў на міжнародным кінафестывалі ў Канах. Карціна заслужыла французскую кінапрэмію братоў Люм’ер за «лепшы фільм на французскай мове» (Парыж, 2008).

9 сакавіка ў 21.00 і 12 сакавіка ў 19.00 гледачам прадставяць камедыю «Берні» (1996) рэжысёра Альбера Дзюпантэля.

13 і 14 сакавіка ў 14.30 будзе паказаны анімацыйны фільм «Кірыку і чарадзейка» рэжысёра Мішэля Асело.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?