Колькасць прапановы жылля на другасным рынку дасягнула максімуму за апошнія 5 гадоў.

Згодна з падлікамі экспертаў рынку нерухомасці, за чатыры з паловай месяцы сёлета цэны на мінскія кватэры знізіліся прыкладна на 3%. І гэта пры тым, што ў студзені і лютым у сталіцы назіралася невялікае часовае падаражанне жылля. Спецыялісты адзначаюць, што гэтай вясной кватэры на другасным рынку галоўнага мегаполіса краіны ўвогуле амаль не купляліся. Актыўнасць рынка па гэтым сегменце сёння набліжаецца да нуля. Пра якую сітуацыю на другасным рынку сталічнага жылля сёння ідзе гаворка? Чакае нас далейшае патанненне кватэр або восенню будзе назірацца чарговая хваля падаражання жыллёвай нерухомасці? Сваімі меркаваннямі на гэты конт падзяліўся старшыня Савета Беларускай асацыяцыі «Нерухомасць» Мікалай Прасталупаў.

На рынку зноў з’явіліся танныя аднапакаёўкі

Адразу нагадаю, што ў першым паўгоддзі 2009 года сталічныя кватэры таннелі даволі хуткімі тэмпамі. Потым пачаўся этап стабілізацыі цэнаў, а ў ліпені‑жніўні з рынка пакупнікамі былі «павымываныя» ўсе танныя аднапакаёўкі. Эксперты рынку тады катэгарычна заяўлялі, што аднапакаёвак па кошце ніжэй 40—42 тысяч даляраў ужо ніколі не будзе, аднак…

Мікалай Прасталупаў адзначае, што цяпер без вялікіх праблем можна адшукаць невялікія па плошчы аднапакаёвыя «хрушчоўкі» за 37—38 тысяч даляраў. Па такім кошце прапануюцца кватэры на крайніх паверхах пяціпавярховых старых дамоў па вуліцах Чыгладзе, Паўлоўскага, Кашавога, Садовай і Красіна. Па кошце да 40 тысяч даляраў ёсць нават стандартныя аднапакаёўкі ў панельных дамах, аднак толькі на першых паверхах. У дыяпазоне цэнаў да 45 тысяч даляраў інфармацыйныя каталогі сёння прапануюць мноства аднапакаёвых кватэр бадай ва ўсіх мікрараёнах сталіцы.

Самая вялікая колькасць прапаноў датычыцца аднапакаёвак па кошце ад 45 да 55 тысяч даляраў.

Увогуле, сёння сярэдні кошт прапановы квадратнага метра аднапакаёвых кватэр на другасным рынку Мінска складае 1475 даляраў. Толькі за апошні тыдзень цэннік жыллёвага «квадрата» маленькіх кватэр знізіўся адразу на 12 даляраў.

З’явіліся двухпакаёўкі да 50 тыс USD

Самая вялікая колькасць прапаноў на другасным рынку сталіцы прыпадае на двухпакаёвыя кватэры. У гэтым сегменце таксама з’явіліся танныя жыллёвыя аб’екты.

Невялікія «двухпакаёўкі» агульнай плошчай да 43 квадратных метраў на крайніх паверхах у старых дамах каштуюць цяпер ад 43 да 47 тысяч даляраў. Такое жыллё існуе ў дамах па вуліцах Карвата, Гая, Пермскай, Ротмістрава, Шчарбакова, Паліграфічнай і інш. Амаль усе двухпакаёвыя «хрушчоўкі» выстаўлены цяпер на рынку па кошце да 55 тысяч даляраў. Стандартныя двухпакаёвыя кватэры агульнай плошчай да 53 квадратных метраў прапануюцца па цэнніку ад 55 да 70 тысяч даляраў. Існуюць на рынку і даражэйшыя «двушкі», але такім жыллём цяпер не цікавяцца нават багатыя патэнцыяльныя пакупнікі.

Сярэдні кошт прапановы квадратнага метра двухпакаёвых кватэр складае 1449 даляраў. За апошні тыдзень сярэдні кошт метра такіх кватэр паменшыўся на 7 даляраў.

Самыя танныя трохпакаёвыя кватэры сёння прапануюцца за 55—65 тысяч даляраў.

Сярэдні цэннік на гэтым сегменце кватэр цяпер вагаецца ад 70 да 80 тысяч даляраў. Сярэдні кошт прапановы квадратнага метра трохпакаёвых кватэр на другасным рынку сталіцы складае 1400 даляраў.

Колькасць здзелак паменшылася ў разы

На другасным рынку сталічнага жылля гэтай вясной назіраецца вельмі складаная сітуацыя, бо колькасць здзелак рэзка скарацілася. Паказальным па гэтым параметры быў 1998 год, калі ў сталіцы было зафіксавана каля 34 тысяч здзелак куплі‑продажу. У 1999 годзе актыўнасць пакупнікоў знізілася да 32120 здзелак. у 2000 годзе — 24 тысячы, у 2001 — 19200. Самым дрэнным для агенцтваў нерухомасці стаў 2006 год, калі было аформлена ўсяго 6780 здзелак. У апошнія два гады ў Мінску рэгістравалася штогод прыкладна 9—10 тысяч здзелак куплі‑продажу жыллёвай нерухомасці.

Паводле прагнозаў Мікалая Прасталупава сёлета колькасць зарэгістраваных здзелак можа быць нават менш за 6 тысяч. Яшчэ год таму ў сталіцы працавала 125 агенцтваў нерухомасці, цяпер іх засталося 108. Старшыня асацыяцыі не выключае верагоднасць таго, што яшчэ да новага года агенцтваў нерухомасці ў сталіцы стане яшчэ менш на 20—30 структур.

Патанненне працягнецца і ў наступным годзе?

«Замарожванне» другаснага рынку жыллёвай нерухомасці адбываецца на фоне павялічэння колькасці прапаноў кватэр на продаж. Сёння на агульным мінскім кватэрным рынку на продаж прапануецца адразу каля 10 тысяч кватэр. Гэта самая вялікая прапанова за апошнія 5—7 гадоў. Атрымліваецца, што ў людзей ёсць жаданне прадаць сваю кватэру, дакласці грошай і палепшыць свае жыллёвыя ўмовы, аднак… Каб рэальна прадаць жыллё, трэба абавязкова згаджацца на 10—15‑працэнтныя зніжкі. А каб адбылася ланцуговая здзелка з вялікай колькасцю кватэр, трэба дамовіцца пра такія зніжкі з усімі ўдзельнікамі «жыллёвай ракіроўкі». Рэальна зрабіць гэта амаль немагчыма, бо ніхто не хоча «прагарэць».

Цяпер на рынку склалася такая сітуацыя, калі на фоне мінімальнай колькасці здзелак назіраецца вельмі маруднае патанненне жыллёвай нерухомасці. Мікалай Прасталупаў лічыць, што ў жніўні—кастрычніку другасны рынак жылля можа крыху «разварушыцца», калі зноў будуць «вымывацца» танныя кватэры. Аднак і гэта амаль ніяк не паўплывае на агульны цэнавы фон мінскіх кватэр. Кватэры будуць паціху таннець сёлета і нават у першыя тры месяцы наступнага года. Кардынальныя змены на рынку могуць узнікнуць толькі ў тым выпадку, калі павялічацца даходы сярэдняга класа работнікаў сталіцы, ці калі стануць даступнымі камерцыйныя крэдыты.

Долевае будаўніцтва і прыватныя дамы

Паводле інфармацыі Мікалая Прасталупава, за апошнія 7—8 месяцаў аб’ём будаўніцтва камерцыйнага жылля ў сталіцы паменшыўся прыкладна на 30 працэнтаў. Не лепшыя свае часы перажывае і спектр долевага будаўніцтва.

Усё часцей забудоўшчыкі прапануюць кліентам кватэры ў панельных дамах па невялікім кошце. Такім чынам арганізатары прыцягваюць у сістэму долевага будаўніцтва «чаргавікоў» сталіцы, якія маюць магчымасць карыстацца льготнымі крэдытамі пад 5 працэнтаў гадавых. Сапраўды, таннай прапановы па долевым будаўніцтве сёння амаль не засталося.

Кошт квадратнага метра долевага будаўніцтва дамоў на стадыі гатоўнасці першых трох паверхаў складае 1200—1300 даляраў. У цалкам пабудаваных дамах жыллёвы квадрат камерцыйнага новага жылля каштуе 1400—1500 даляраў.

У самым пачатку арганізацыі долевага будаўніцтва квадратны метр жылля прапануецца кліентам сёння за 1050—1150 даляраў. Нагадаю, што такое жыллё прапануецца забудоўшчыкамі без аздаблення. Шматпакаёвыя кватэры вялікіх плошчаў у такіх дамах прадаюцца слаба. Мікалай Прасталупаў адзначыў, што цяпер у Малінаўцы на другасным рынку магчыма адшукаць трохпакаёвыя кватэры, дзе кошт квадратнага метра складае 1150 даляраў ці крыху больш.

Істотней усяго патаннелі сёлета не кватэры ў буйных гарадах, а якасныя прыватныя дамы ў вёсках і раённых цэнтрах, лічыць М. Прасталупаў.

Сёння ўсё актыўней пачалі цікавіцца такой жыллёвай нерухомасцю грамадзяне Расіі, якія маюць сваякоў у Беларусі. Цяпер добрыя прыватныя дамы ў населеных пунктах адлегласцю да 50 км ад сталіцы магчыма адшукаць па кошце каля 10—20 тысяч даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?