Два маладыя гомельцы былі зьбітыя і абрабаваныя ў цэнтры гораду. Гэтая падзея мае ня толькі крымінальны характар, паколькі прычынай злачынства сталі майкі і значкі з сымболікай нацыянальнага руху «За свабоду».

Міліцыя распачала крымінальную справу па факце разбойнага нападу. Пацярпелыя – 17-гадовы студэнт і 22-гадовы супрацоўнік тралейбуснага парку – пакуль не называюць свае імёны для журналістаў, паколькі засьцерагаюцца, што праваахоўныя ворганы з ахвяраў зробяць іх злаўмысьнікамі.

Як распавёў радыё сябра аднаго з пацярпелых, Ігар, двое невядомых моцнага целаскладу ў чорных капелюшах падышлі да сваіх ахвяраў з пытаньнем, што абазначае сымболіка За «свабоду» на іхняй вопратцы. Пасьля таго, як маладзёны адмовіліся зьняць майкі і значкі, злачынцы адпрацаванымі ўдарамі павалілі іх на зямлю і пачалі зьбіваць.

Урэшце, забраўшы грошы і мабільныя тэлефоны, невядомыя ўцяклі. Цяпер адзін з актывістаў знаходзіцца ў шпіталі з разьбітымі вуснамі і пашкоджанымі зубамі. Як мяркуе ягоны сябар Ігар, найбольш верагоднай прычынай нападу сталася імкненьне мясцовых спэцслужбаў запужаць палітычна актыўную моладзь гораду. Разам з тым Ігар не выключае, што злачынства маглі зьдзейсьніць і ультраправыя арганізацыі прафашысцкага кшталту, якія апошнім часам актывізаваліся ў абласным цэнтры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?