Парэшткі старажытнае жывёлы менскія мэтрабудаўнікі адразу даслалі ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук. І як што самі будаўнікі вырашылі, што знайшлі маманта, дык многа газэт так і напісалі. Але навукоўцы літаральна праз колькі дзён выясьнілі дакладна: унікальная заходка – гэта парэшткі ляснога слана. Выявілася, што і такія жывёлы колісь жылі ў нашых краёх. І знаходкі ва Ўруччы тут першы доказ.

– Да гэтай знаходкі навукоўцы меркавалі, што лясныя сланы маглі насяляць і тэрыторыю Беларусі, але парэшткі такой жывёліны да нас яшчэ не траплялі, – распавяла загадчыца аддзелам археалёгіі НАН Беларусі Алена Калечыц. – Яны жылі ў Эўропе ў апошні міжледавіковы пэрыяд, блізка 100 тысячаў год таму. Такіх сланоў знаходзілі ў Нямеччыне, Галяндыі і Вялікай Брытаніі, дзе тыя жылі ў шыракалістых лясох у вельмі цёплым клімаце.

Слана знайшоў экскаватаршчык, які капаў катлаван для новай станцыі мэтро «Ўручча». Мэтрабудаўнікі часова прыпынілі работы, каб група навукоўцаў магла ўзяць зрэзы грунту і дадаткова дасьледаваць мясцовасьць. Але пра тое, каб спыніць будаўніцтва, гаворкі няма.

– На месцы знаходкі была багна, у каторай слон і загразнуў, – кажа дацэнт геафаку БДУ Аляксандар Матузко. – Ён мог патануць на вадапоі ці пад ім мог разявіцца лёд, бо лясны слон цяжэйшы ад маманта. Маманты – стэпавыя жывёлы, а лясным сланам трэ было браць лісьце з дрэваў, значыцца яны вышэйшыя і буйнейшыя.

Неўзабаве будаўнікі маюць працягнуць работу, але ўжо пад пільным вокам навукоўцаў.

На тэрыторыі Беларусі навукоўцы адкапалі больш як 200 відаў дагістарычных жывёлаў. А лясны слон нашмат буйнейшы ад знойдзеных раней хазарскіх ці паўднёвых сланоў, значыцца, гэтая знаходка, мажліва, стане найбуйнейшай ва ўсіх сэнсах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?