«Грошы ў нас ёсць, але свабодных грошай няма», — заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым 22 чэрвеня ў Мінску, тлумачачы просьбу даць растэрміноўку на два тыдні для пагашэння доўгу за газ.

«Мы не можам з золатавалютных рэзерваў узяць грошы, нам трэба курс рубля падтрымліваць. Мы не можам узяць з бюджэту грошы, таму што яны таксама там распісаны», — растлумачыў прэзідэнт, выступленне якога паказалі беларускія тэлеканалы.

Паводле яго слоў, расійскі бок не захацеў чакаць. «Добра, я сёння пазычыў гэтыя грошы ў сваіх сяброў, і мы вам найбліжэйшым часам гэтыя грошы аддадзім.

Але сумна, што мы ў чужых людзей — нам далі гэтыя грошы на працягу аднаго дня — пазычылі, а Расія два тыдні пачакаць не магла», — адзначыў Лукашэнка.

«Але пытанне не ў гэтым, — сказаў ён. — Пытанне ў тым, я вас інфармую як міністра: на сёння »Газпром» нам вінаваты 260 млн. даляраў, улічваючы май, за транзіт газу. Я загадаў цяпер ураду перакрыць транзіт цераз Беларусь, пакуль не заплаціць за транзіт »Газпром». Яны нам за гэтыя паўгода ні капейкі не заплацілі. Слухайце, да якога, я кажу, цынізму, абсурду можна дайсці, калі ты вінаваты мне 260 млн., я табе — 190 млн., і ты пачынаеш мне за гэта закручваць вентыль! Пытанне не ў тым, што мы такія ідыёты і не выконваем кантракт. Гэта яны не выконваюць кантракт».

«Мы толькі пачалі выходзіць з гэтага крызісу, нам так цяжка зараз,

— адзначыў Лукашэнка. — Пачалі разгружацца склады, пайшоў гандаль і з Расіяй, на 51% мы павялічылі гандаль за гэты перыяд да ўзроўню мінулага года. І нам цяжка зараз, і хацелася б, каб Расія ў гэты момант падтрымала эканоміку Беларусі, не павялічваючы цэны. Не трэба паніжаць, як Украіне на 30% панізілі, Венгрыі там абяцаюць панізіць або ўжо панізілі. Не трэба паніжаць. Дайце нам вось гэты год, каб мы па леташніх цэнах папрацавалі і аднавілі эканоміку. Вы цудоўна ведаеце, што наша эканоміка — гэта злепак вашай эканомікі, гэта фінішная вытворчасць Расіі. Сёння нашы прадпрыемствы атрымліваюць ад вас камплектавальныя і сыравіну для фінішнай вытворчасці там, дзе занята амаль 15 млн. чалавек у Расіі. Гэта значыць Беларусь, ужо шчыра кажучы, — гэта частка эканомікі Расіі».

Лукашэнка закрануў таксама тэму Мытнага саюза.

»Нам уводзяць мытную пошліну, прадаючы нафту ў два разы даражэй, чым Казахстану,

— адзначыў прэзідэнт. — Я пытаюся ў Мядзведзева: навошта вы аддаяце ім за паўцаны нафту? Яны самі здабываюць 90 млн. тон і 11 млн. тон толькі спажываюць. Яны нафту прадаюць у Кітай. Вось нядаўна, вы ведаеце, трубу пабудавалі, другую будуюць. Навошта вы за паўцаны прадаяце гэтую нафту? Адказу няма. Добра, няхай гэта не наша справа, але чаму такое стаўленне ў Мытным саюзе да аднаго партнёра і зусім іншае — да іншага партнёра? Я вось гэтага не разумею».

«Мытны саюз — гэта бяспошлінная прастора. Больш за тое, я прапанаваў пайсці далей, прыбраць усялякія пратаколы і абмежаванні — па аўтамабілях, па ўвозе «шмотак» гэтых (казахі прасілі там нейкія зрабіць). Ніякіх не павінна быць адыходаў. Вось чысты Мытны саюз, свабодная прастора. Але і мытныя пошліны трэба здымаць», — сказаў Лукашэнка.

Раніцай серады «Газпром» павялічыў скарачэнне паставак газу ў Беларусь да 60%, а Еўрасаюз заявіў, што не збіраецца ўмешвацца ў газавы канфлікт паміж Беларуссю і Расіяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?