Пазачарговая, пятая, сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пройдзе 7 верасня ў Мінску. Указ аб яе скліканні Аляксандр Лукашэнка падпісаў 19 ліпеня.

У парадак дня сесіі ўключаныя законапраекты «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2011 год» і «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь на 2011 год», папраўкі ў Падатковы і Бюджэтны кодэксы.

Напярэдадні праект бюджэту на 2011 год прадставіў дэпутатам на пашыраным пасяджэнні камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец. «У наступным годзе мы выходзім на дакрызісныя тэмпы развіцця бюджэтнага сектара», — заявіў ён.

Харкавец паведаміў, што даходы кансалідаванага бюджэту краіны запланаваныя ў памеры 54,5 трлн. рублёў, што складае 118,1% да ацэнкі даходаў бюджэту гэтага года.

Паводле слоў міністра, структура даходаў бюджэту не мяняецца. «Асноўную яго долю прыносіць ПДК — 35%, падатак на прыбытак — 10%, даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці — 13%, акцызы — каля 10%», — сказаў ён.

Расходы бюджэту плануюцца на ўзроўні 60,5 трлн. рублёў. Паводле слоў Харкаўца, расходы сфарміраваныя з улікам такога прыярытэту, як рост даходаў насельніцтва, занятага ў бюджэтным сектары. «Закладзеныя сродкі дазваляюць гарантаваць рост сярэднямесячнай заработнай платы, стыпендый, іншых выплат у параўнанні з гэтым годам на 35%», — сказаў ён.

Базавыя галіны сацыяльнай сферы — ахова здароўя, адукацыя, сацыяльная палітыка — забяспечаны бюджэтнымі асігнаваннямі з ростам да ацэнкі гэтага года адпаведна на 36, 45 і 35%.

У цэлым расходы на нацыянальную эканоміку краіны, паведаміў Харкавец, запланаваны ў памеры 7,2 трлн. рублёў.

Дэфіцыт бюджэту на 2011 год запланаваны ў памеры 6 трлн. рублёў, ці 3% да ВУП.

З прапановай да прэзідэнта прызначыць на 7 верасня пазачарговую сесію дэпутаты Палаты прадстаўнікоў звярнуліся 30 чэрвеня 2010 года, у апошні дзень работы вясновай сесіі парламента. Як паведаміў тады кіраўнік парламенцкай камісіі па дзяржбудаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Васіль Байкоў, разгляд пытанняў аб бюджэце і кодэксах «дасць магчымасць арганізацыям і людзям падрыхтавацца да ўваходжання ў дзеянне названых нарматыўна-прававых актаў».

Згодна з указам, на сесіі «могуць быць разгледжаныя і іншыя пытанні». Палітолагі мяркуюць, што дэпутаты могуць прызначыць дату правядзення чарговых прэзідэнцкіх выбараў.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй выбары прэзідэнта прызначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазней чым за пяць месяцаў і праводзяцца не пазней чым за два месяцы да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў дзейнага прэзідэнта. Прэзідэнцкія паўнамоцтвы Лукашэнкі заканчваюцца 6 красавіка 2011 года. Такім чынам, крайні тэрмін правядзення прэзідэнцкіх выбараў — 6 лютага 2011 года, а іх прызначэння — 6 кастрычніка 2010 года. Чарговая сесія Палаты прадстаўнікоў адкрываецца 2 кастрычніка.

На думку палітолага Аляксандра Фядуты, для кіраўніка дзяржавы выгадна, каб выбары прайшлі яшчэ сёлета. «У канцы года не будуць закончаны перамовы з Расіяй па цэнах на газ.
У Лукашэнкі ў гэты час будзе захоўвацца магчымасць манеўра, паколькі ён будзе менш схільны да ціску з боку Расіі», — лічыць ён.

Акрамя таго, адзначае Фядута, у канцы гэтага года Лукашэнка можа атрымаць найбольшую выгаду з абяцанага павышэння сярэдняй заработнай платы да 500 долараў. «Каб Лукашэнка атрымаў ад гэтага выгаду на выбарах, насельніцтва павінна атрымліваць такія грошы пару месяцаў перад галасаваннем, а таксама месяц пасля яго, каб пазбегнуць хваляванняў у хісткай паслявыбарнай сітуацыі. Проста больш за два-тры месяцы без дэвальвацыі беларускі бюджэт не зможа выплачваць бюджэтнікам выкліканую ростам зарплаты вялікую колькасць грошай», — лічыць Фядута.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?