Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракаповіч пацвярджае планы Нацбанка па нарошчванню золатавалютных рэзерваў у бягучым годзе. У панядзелак Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Пятра Пракаповіча. Кіраўнік дзяржавы быў праінфармаваны аб выніках выканання Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі ў студзені-жніўні 2010 года.

Усе асноўныя паказчыкі грашова-крэдытнай палітыкі ў Беларусі па выніках васьмі месяцаў выконваюцца. Курс нацыянальнай валюты да карзіны замежных валют застаецца стабільным, захоўваюцца высокія тэмпы крэдытавання эканомікі, працэнтная палітыка адпавядае Асноўным напрамкам грашова-крэдытнай палітыкі, эфектыўна працуе плацежная сістэма. Усё гэта стварае базу для ўстойлівага развіцця беларускай эканомікі.

Так, курс беларускага рубля да карзіны замежных валют за студзень-жнівень зменшыўся толькі на 0,29 працэнта пры запланаваным на год калідоры ваганняў у межах ±10 працэнтаў.

«Устойлівасць нашай нацыянальнай валюты, стабільнасць курсавой палітыкі заснаваны не толькі на паспяховай рабоце нашай эканомікі, але і на тым, што мы маем дастаткова золатавалютных рэзерваў», — праінфармаваў Прэзідэнта Пётр Пракаповіч. На 1 верасня золатавалютныя рэзервы Беларусі склалі $6055 млн. У параўнанні з пачаткам мінулага года гэта ў 1,7 раза больш. Старшыня праўлення Нацбанка растлумачыў, што росту золатавалютных рэзерваў садзейнічае павелічэнне валютнай выручкі беларускіх прадпрыемстваў, якая ў бягучым годзе больш як на 20 працэнтаў (або на $2,5 млрд.) перавышае паказчык мінулага года. Кіраўнік Нацбанка запэўніў Прэзідэнта, што планы па напаўненню золатавалютных рэзерваў будуць выконвацца і ў далейшым. Нагадаем, у бягучым годзе ў адпаведнасці з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі яны павінны павялічыцца на $0,5 млрд.-1,8 млрд.

Таксама Нацыянальным банкам Беларусі праведзена вялікая работа па зніжэнню працэнтных ставак. Напрыклад, стаўка рэфінансавання ў бягучым годзе зніжалася ўжо 6 разоў. З 15 верасня яна складае 10,5 працэнта гадавых. Адпаведна, зніжаюцца і працэнтныя стаўкі па крэдытах.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад Нацыянальнага банка і ў далейшым забяспечваць стабільную работу банкаўскага сектара краіны, у тым ліку сітуацыю на валютным рынку, у курсавой палітыцы, у крэдытаванні. Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў на неабходнасці адшукваць магчымасці зніжэння ставак па крэдытах для насельніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?