На валютна-фондавай біржы фіксуецца значнае перавышэнне попыту над прапановай.

 Міністр фінансаў Андрэй Харкавец і кіраўнік Нацбанка Пятро Пракаповіч.

Міністр фінансаў Андрэй Харкавец і кіраўнік Нацбанка Пятро Пракаповіч.

Стан бягучага рахунку Беларусі пагаршаецца. Працяглы час попыт на даляры і еўра на Беларускай валютна-фондавай біржы (БФВБ) стабільна перавышае прапанову. Гэты дысбаланс зразумелы. Апошнія гады краіна экспартуе менш, чым імпартуе. Розніцу пакрывалі замежныя крэдыты і сродкі ад прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці.

Пад восень дэфіцыт бягучага рахунку ўзрос анамальна.
Гэта можна звязаць з павышэннем расходаў дзяржавы ў сувязі з адміністратыўным ростам заробкаў да 500 даляраў — пад выбары.

Падставы для трывогі, насамрэч, ёсць.

У жніўні попыт на даляры на БФВБ перавысіў прапанову на 312 мільёнаў. А за дваццаць дзён верасня ўжо на 307!

Тое самае з еўра. У жніўні попыт быў большы за прапанову на 40 млн, а ў верасні ўжо на 68.

І для амерыканскай валюты, і для еўрапейскай такі дэфіцыт з’яўляецца рэкордным пасля піку сусветнага фінансавага крызісу ў канцы 2008 года.

Для параўнання, у маі-чэрвені для даляраў і еўра перавышэнне попыту над прапановай складала ў сярэднім $250 і еўра 40 мільёнаў за месяц.

Валюту на БВФБ прадаюць і набываюць прадпрыемствы і банкі для сваёй бягучай дзейнасці. А дэфіцыт кампенсуецца валютнымі інтэрвенцыямі Нацбанка, для якіх выкарыстоўваюцца рэзервы.

Рэзервы, разлічаныя па метадалогіі МВФ, па стане на 1 верасня складалі 5 млрд 569 млн долараў. З пачатку 2010 года яны скараціліся толькі на 83 млн.

Аднак такі паказчык быў дасягнуты за кошт паступлення грошай ад размяшчэння еўрааблігацый ($1 млрд), ад продажу «Белтрансгаза» Расіі (625 млн) і апошняй траншы крэдыту МВФ (670 млн). Калі б не гэтыя сродкі, то рэзервы скараціліся б амаль на 2,3 млрд.

У прыватнасці, у чэрвені — на 253 млн, ліпені — на 193 млн. А ў жніўні — ажно на $762 млн.

Мяркуючы па вераснёўскім попыце на валюту, калі ён захаваецца да канца месяца, у верасні яны могуць упасці на астранамічную лічбу, здольную выклікаць паніку на рынках. Тады можа паўтарыцца сітуацыя 2008 года, якая прывяла да дэвальвацыі рубля.

На піку фінансавага крызісу ў 2008 годзе дэфіцыт бягучага рахунку дасягаў маштабаў, сувымерных з цяперашнімі. Тады выкліканае ім скарачэнне валютных рэзерваў (без уліку атрыманых крэдытаў) складала $691 млн у кастрычніку 2008-га, $654 млн — у лістападзе 2008-га, $920 млн — у студзені 2009 года, на хвалі панікі пасля 20-працэнтавай дэвальвацыі.

У канцы жніўня небяспечныя тэндэнцыі на рынку ўжо былі тэмай сустрэчы Лукашэнкі з кіраўніком Нацбанка Пятром Пракаповічам. Учора, 20 верасня, кіраўніка Нацбанка зноў выклікалі ў Чырвоны дом.

«Стабільнасць курсавой палітыкі заснаваны не толькі на паспяховай рабоце нашай эканомікі, але і на тым, што мы маем дастаткова золатавалютных рэзерваў», — супакойваў рынак Пракаповіч.
Можна чакаць прыняцця ад уладаў нейкіх надзвычайных мераў для аднаўлення стабільнасці.

Гэта можа быць пачатак новых перамоваў з Міжнародным валютным фондам або прыватызацыя аднаго з буйных дзяржаўных прадпрыемстваў нафтахіміі ці «Беларуськалія». Або — што найменш імаверна — чарговай разавай дэвальвацыі рубля.

Найбольш імаверным сцэнаром падаецца паскораная прыватызацыя, бо сродкаў ад яе хопіць на даўжэйшы час. Праўда, імклівасць азначае горшую цану і большую верагоднасць, што актывы дастануцца расійскаму капіталу, на долю якога прыпадае і так непрапарцыйна вялікая доля замежных інвестыцый у Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?