21 кастрычніка, а 16-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбудзецца імпрэза «Вясну з сабою я ўзяў на памяць…», прымеркаваная да 145-годдзя з дня нараджэння Яна Райніса, сусветна вядомага латышскага паэта,
перакладчыка, драматурга, філосафа, грамадскага дзяча.

Імя Яна Райніса ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю сусветнай літаратуры. Са шчырай удзячнасцю згадваюць Яна Райніса не толькі латышы, але і беларусы. Дэпутат Устаноўчага сходу Латвіі, дэпутат Сейма, міністр асветы — ён стаў абаронцам нацыянальных правоў беларусаў у Латвіі. Дзякуючы яго намаганням былі адкрыты беларускія школы, у тым ліку Беларуская гімназія ў Даўгаўпілсе, якая стала цэнтрам асветы латышскіх беларусаў. Удзел Райніса ў рабоце Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, што праходзіла ў Мінску ў лістападзе 1926 г., зрабіў сяброўства латышскага паэта з беларусамі яшчэ больш сардэчным. Менавіта тады адбылося знаёмства двух геніяльных паэтаў Янкі Купалы і Яна Райніса. Веліч асобы Райніса не змяншаецца з бегам часу, памяць пра яго беларускаму народу надзвычай дарагая.

На вечар запрошаны Сяргей Панізнік, Міхась Скобла, Вячаслаў Рагойша, Алег Чыркун. У мерапрыемстве прымуць удзел студэнты і выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0