Ад 20 кастрычніка міжнародныя назіральнікі ад СНД пачынаюць афіцыйна адсочваць хаду прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі. Місію ачольвае выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў. Менавіта ён атрымаў пасведчанне міжнароднага назіральніка за нумарам 1.

СНД стала першай міжнароднай структурай, якая накіравала заяўку на акрэдытацыю сваіх назіральнікаў на выбары прэзідэнта Беларусі. 12 першых назіральнікаў атрымалі свае пасведчанні яшчэ два тыдні таму – 6-га кастрычніка. Гэта -- супрацоўнікі выканкаму СНД, якія працуюць у Мінску і прадстаўляюць кіраўніцтва выканкаму і свае краіны. Але афіцыйны старт назіранню даецца менавіта сёння.

Кожная краіна СНД пасылае ў місію сваіх назіральнікаў. Найперш, доўгатэрміновых. Пакуль дакладнай лічбы іх колькасці няма. Але іх будзе прыкладна 30, а можа, нават і болей.

Для Сяргея Лебедзева кіраваньне місіяй на выбарах у Беларусі – ужо другое. Менавіта ён выконваў гэтыя функцыі і падчас выбараў у палату прадстаўнікоў у 2008 годзе. Тады місія ад СНД дала высокую ацэнку выбарчаму працэсу. А назіральнікі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ, наадварот, адзначылі: выбарчы працэс не адпавядаў міжнародным стандартам.

Калі спадар Лебедзеў атрымліваў з рук старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай сваё пасведчанне, ён казаў, што тая рыторыка, якая апошнім часам існуе ў кіраўнікоў Беларусі і Расіі, не адаб'ецца на працы місіі назіральнікаў
: "Што тычыцца місіі назірання ад СНД, то мы заўжды кіраваліся і будзем кіравацца прынцыпамі аб'ектыўнасці, добразычлівага падыходу, неўмяшання ва ўнутраныя справы і абавязковага выканання заканадаўства той краіны, дзе мы вядзем назіранне. Гэтыя прынцыпы непарушныя, і мы іх будзем прытрымлівацца. Беларускія выбарцы мусяць быць упэўненыя, што ацэнкі нашай місіі будуць аб'ектыўнымі".

Сустаршыня Палітрады Аб'яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Сяргей Калякін лічыць, што сёння цяжка спрагназаваць, якім будзе заключэнне назіральнікаў ад СНД на снежаньскіх выбарах: "Я пакуль адназначных ацэнак не даваў бы. Будзем спадзявацца, што місія будзе даваць усё-такі рэальную ацэнку. Але для таго, каб быць у гэтым упэўненым, нам патрэбна сустракацца з місіяй. І толькі пасля такіх размоў можна больш канкрэтна казаць, як гэта будзе.

Але шанец на тое, што гэтым разам падыход будзе больш аб'ектыўным, ёсьць. Пра гэта сведчаць некаторыя выказваньні расійскага боку. А менавіта Расія будзе дамінаваць, я так думаю, пры вызначэнні таго, што будзе прымаць місія СНД".

Што тычыцца місіі ад АБСЕ, дык яна мяркуе накіраваць у Беларусь 40 доўгатэрміновых назіральнікаў, якія будуць сачыць за ходам выбарчага працэсу па ўсёй краіне. Яны плануюць прыбыць у Беларусь у сярэдзіне лістапада. Кіраўнік місіі і яе персанальны склад пакуль не вызначаныя.

На папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі працавалі з улікам доўгатэрміновага і кароткатэрміновага назіраньня больш за 400 назіральнікаў ад СНД і больш за 500 — ад АБСЕ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?