Гэты сюжэт аб выбарчай кампаніі ў Беларусі ўчора быў выразаны цэнзурай і не паказаны на тэрыторыі краіны.

У Беларусі афіцыйна стартавала агітацыйная кампанія па выбарах прэзідэнта краіны. Галасаванне прызначанае на 19 снежня, і за пасаду кіраўніка дзяржавы маюць намер змагацца 10 чалавек.

Усе яны, ці іх прадстаўнікі, сёння атрымалі ў выбаркаме адпаведныя пасведчанні і цяпер поўнасцю гатовыя да барацьбы, якая абяцае быць гарачай.

Нават кіраўнік беларускага Цэнтрвыбаркама выказала здагадку, што ў найбліжэйшы час рэспубліку чакае хваля выкрыванняў, прэтэнзій і скаргаў.

Карэспандэнт расійскага тэлеканала НТВ Георгій Грывенны перадае з Мінска.

На мінскім Палацы рэспублікі, дзе ў чацвер Цэнтральная выбарчая камісія абвяшчала імёны кандыдатаў у прэзідэнты, вісяць плакаты, здавалася б, зусім не палітычныя. Мінск рыхтуецца прыняць дзіцячае «Еўрабачанне».

Мяркуючы па мясцовых дзяржаўных каналах, няма ў краіне цяпер важнейшай падзеі. Кожны дзень і ў кожным выпуску сюжэты: удзельнікі прыляцелі, размясціліся, схадзілі ў буфет. Пра палітыку — практычна ні слова.
Але ў людзей, якія выйшлі на Кастрычніцкую плошчу са сцягамі і плакатамі, — свая музыка.

Так сустракалі кандыдатаў. Тыя паказвалі атрыманыя пасведчанні. За некалькі хвілін да гэтага запаветныя зялёныя кніжачкі ім уручала старшыня ЦВК. У адказ практычна кожны агучваў прэтэнзіі да Выбаркама, наракаў на першапачаткова няроўныя ўмовы перадвыбарнай барацьбы, патрабаваў доступу да дзяржаўных СМІ і абяцаў калі не перамагчы, дык хоць пазмагацца.

Мікалай Статкевіч, кандыдат на пост прэзідэнта Беларусі: «Я хачу, каб вы перадалі ўладальніку вашага вясёлага цырка, што я не збіраюся быць блазнам. Я буду дамагацца, каб улада дала нам свабодныя выбары».

Андрэй Саннікаў, кандыдат на пост прэзідэнта Беларусі: «Я абяцаю, што зраблю ўсё для таго, каб у новым годзе Беларусь стала свабоднай і дэмакратычнай. Гісторыя робіцца сёння. Гісторыю робім мы, і мы пераможам!»

Дзейны прэзідэнт, а з гэтага дня яшчэ і кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка пасведчанне атрымліваць не прыехаў. Кіраўнік дзяржавы цяпер наогул практычна не прыкметны ў палітычнай рыторыцы.

Прэзідэнт кажа больш пра надзённае. Называе хлуснёй чуткі аб хуткай дэвальвацыі беларускага рубля і заклікае насельніцтва не скупляць даляры: попыт на замежную валюту ў Беларусі за апошні месяц вырас у шэсць разоў.

Станіслаў Багданкевіч, у 1991–1995 гадах — старшыня Нацыянальнага банка Беларусі: «Сёння клянецца Аляксандр Рыгоравіч, што не будзе дэвальвацыі. І такое ўжо было ў снежні 2008. А ў студзені 2009 зрабілі дэвальвацыю на 20%. Усё абясцэнілі».

Экс-кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч кажа: галоўная праблема беларускай эканомікі ў тым, што яна не рынкавая, як у Расіі, а планавая, як у Савецкім Саюзе. Гэта значыць, міністэрствы спускаюць на заводы план, тыя яго выконваюць, але далей за склад прадукцыя ідзе з вялікім скрыпам.

Канкурэнцыі яна часта не вытрымлівае, пакупніка не знаходзіць, прыбытку бюджэту не прыносіць. У выніку дзяржава вымушаная пастаянна пазычаць грошы за мяжой.

Станіслаў Багданкевіч: «За тое, што дзяржпазыка вырасла ў 2,2 разы за адзін толькі год, мы жывем не па сродках — мы жывем у доўг».

У кожнага з 10 кандыдатаў у прэзідэнты, вядома ж, ёсць свой погляд на тэму, як уладкаваць Беларусь. Цяпер свае праграмы яны павінны данесці да выбаршчыка. І вось першая маленькая перамога тых, хто называе сябе апазіцыяй. ЦВК вырашыў, што перадвыбарныя дэбаты на тэлебачанні і радыё пройдуць у жывым эфіры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?