У Баранавіцкім раёне з-за казулі, якая выбегла на дарогу, пацярпелі два чалавекі, паведамілаінспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталля Касьянік.

Паводле яе слоў, аварыя, віноўнікам якой стала жывёліна, адбылася вечарам 20 лістапада на аўтадарозе Брэст — Мінск недалёка ад вёскі Лесіна.

Казуля з раздзяляльнай паласы скочыла пад аўтамабіль «Форд-Гэлаксі».

Пасля наезду на жывёліну кіроўца «Форда», 45-гадовы жыхар Драгічына, не справіўся з кіраваннем і сутыкнуўся з аўтамабілем «ГАЗ-32213», які рухаўся ў спадарожным напрамку па суседняй паласе. Ад удару грузавік з’ехаў у кювет і перакуліўся.

У выніку два пасажыры «ГАЗа»: 51-гадовы і 39-гадовы жыхары Івацэвіцкага раёна з цяжкімі траўмамі змешчаны ў бальніцу. Казуля загінула на месцы. Кіроўцы «Форда» і «ГАЗ-32213» не пацярпелі.

Абедзве аўтамашыны атрымалі механічныя пашкоджанні.

Сёлета ў вобласці гэта трэцяе ДТЗ, якое адбылося па віне жывёліны. У ліпені ў Драгічынскім раёне ў выніку наезду на карову пацярпела 23-гадовая аўтамабілістка. У жніўні ў Лунінцы адбылася аварыя з-за чорнага ката, які раптоўна выбег на дарогу, пацярпеў 56-гадовы матацыкліст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?