«Двух абвінавачаных у арганізацыі беспарадкаў — нейкіх Максіма Брэуса і Аляксея Еўдакімава — па беларускім тэлебачанні паказалі ў прайм-тайм у нядзелю. Яны расказвалі пра свой удзел у падзеях 19 снежня. Праўладныя назіральнікі ўжо бачаць у «спробе звяржэння Лукашэнкі» і руку магутнай Масквы! Праблема, аднак, заключаецца ў тым,

што паказаных затрыманых не існуе ў прыродзе. Сапраўдныя расейцы віны не прызнаюць і ў здымках не ўдзельнічалі», —

гэта напісала расійская газета «Московскій комсомолец».

Раней паведамлялася пра тое, што двое затрыманых расейцаў, якім прад’яўленае абвінавачванне, — гэта Арцём Брэус і Іван Гапонаў.

— З самага пачатку мы аказвалі Арцёму і Івану ўсю неабходную дапамогу. Іх ўтрымліваюць у СІЗА КДБ. Мы сустракаліся 31 снежня, 3, 5 студзеня, павінны пабачыцца і сёння, — распавёў «МК» прадстаўнік амбасады РФ у Беларусі Вадзім Гусеў.

Па словах Гусева, Арцём і Іван па-ранейшаму настойваюць на сваёй абсалютнай невінаватасці і патрабуюць найхутчэйшага вызвалення. Удзелу ў здымках фільма яны не прымалі.

«Беларускім уладам цяпер як паветра патрэбны «міжнародны след» у справе аб пагроме, — мяркуе маскоўская газета. — Тады для еўрапейскага гледача карцінка будзе выглядаць завершанай:

Масква хацела зваліць законна абранага Лукашэнку, але той ўседзеў і мусіў распачаць супраць пагромшчыкаў рэпрэсіі».

Брэус і Гапонаў маюць расейскае грамадзянства, але абодва не пражываюць у Расіі. Першы прыехаў у Мінск з Эстоніі, мае падвойнае расейска-эстонскае грамадзянства. 27-гадовы Арцём працаваў у Беларусі дызайнерам мэблі. 22-гадовы Іван пражывае пад Мінскам. «Летась Ваня спрабаваў паступіць у БДУ на бюджэтнае аддзяленне філалагічнага факультэта, але не атрымалася. Ён вельмі творчы чалавек, піша вершы, захапляецца паэзіяй срэбранага веку», — распавядае мама Івана, Сабіра Гапонава.

Ад Рэдакцыі «Нашай Нівы»: версія «Московского комсомольца» недакладная. Няпраўда, што замест затрыманых расейцаў паказалі падстаўных.

Еўдакімаў затрымліваўся, але супраць яго не распачатая крымінальная справа. Што да Брэуса, то на фота, паводле нашых звестак, сапраўды Арцём Брэус.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?