За 16 гадоў можна было б ужо перастаць здзіўляцца, але ад пятнічнай заявы Лукашэнкі ў мяне на секунду адвісла сківіца. Даўно не даводзілася сутыкацца з такім абуральным пярэчаннем відавочнай рэальнасці.

21 студзеня, падчас інаўгурацыі, Аляксандр Лукашэнка нібыта між іншым паведаміў:

— Мы ўчора даведаліся, што нават еўрапейцы да нашых выбараў і да іх вынікаў ужо прэтэнзій не выказваюць. Ну, дзякуй Богу!

Між тым акурат 20 студзеня Еўрапарламент прыняў жорсткую рэзалюцыю па сітуацыі ў Беларусі, дзе першым пунктам прызнаў, што «прэзідэнцкія выбары 19 снежня 2010 г. не адпавядалі міжнародным стандартам свабодных, справядлівых і празрыстых выбараў», і заявіў пра неабходнасць «перайграць». Таксама дэпутаты заклікалі ў святле рэпрэсіяў супраць беларускіх дэмакратаў аднавіць візавыя і ўвесці эканамічныя санкцыі супраць афіцыйнага Мінска.

Чыста тэарэтычна можна было выказаць здагадку, што Аляксандру Лукашэнку пра гэта ніхто не далажыў — ад страху
(вядома, што бывае з пасланцом, які прыносіць кепскія весткі). Але яшчэ 20 студзеня кіраўнік Беларусі, па сутнасці, даў адказ на рэзалюцыю Еўрапарламента, прыстрашыўшы ўвесці санкцыі супраць ЕС.

Калі б мы да гэтага часу жылі ў СССР і бралі інфармацыю выключна з газеты «Праўда», то грамадзянам можна было сказаць усё што заўгодна. Але інфармацыя пра рэзалюцыю Еўрапарламента (і ў цэлым пра пазіцыю Захаду) лёгка даступная ўсім, хто цікавіцца, праз незалежныя інтэрнэт-выданні, газеты і радыёстанцыі. Таму фінт з заявай, быццам еўрапейцы знялі ўсе прэтэнзіі да беларускіх выбараў, сэнсу не мае.

Яшчэ адзін аналагічны прыклад меў месца ўсяго некалькі дзён таму. 18 студзеня на нарадзе з урадам Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў не браць больш «ніякіх замежных дурных пазык пад вялікія працэнты». А на наступны дзень Беларусь размясціла еўрабонды, каб пазычыць 800 мільёнаў даляраў аж пад 9%.

У Лукашэнкі заўсёды было спецыфічнае бачанне сітуацыі, і на супярэчнасцях яго лавілі ўжо не раз.

Але раней ён хоць неяк маскіраваў з дапамогай рыторыкі неадпаведнасць афіцыйнай версіі фактычнаму стану рэчаў.
Цяпер жа мы назіраем «каралеўства крывых люстэрак» у чыстым выглядзе: чорнае называецца белым, дзень — ноччу, горкае — салодкім. Але ўсё большы разрыў з рэальнасцю непазбежна вядзе да таго, што ў адзін цудоўны дзень люстэркі трэснуць і разляцяцца на дробныя аскепкі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?