18 лютага адбудзецца разгляд справы выданьня «Знамя Юности» супраць былога карэспандэнта па Берасьці Алеся Леўчука. Папярэднія слуханьні прайшлі 26 студзеня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця.

Падчас судовага паседжаньня ад выданьня «Знамя Юности» ў судзе будуць прысутнічаць юрыст газэты і дзьве журналісткі газэты.

Афіцыйная прадстаўніца выданьня, намесьніца галоўнага рэдактара газэты «Знамя Юности» Ірына Слабодзіч, адмаўляецца ад камэнтароў:

«Я ня буду камэнтаваць акалічнасьці справы, наша позва знаходзіцца ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця. Усе нашыя прэтэнзіі будуць агучаныя падчас судовага паседжаньня і ўсе камэнтары будуць пазьней. Усе будзе ў межах закону. Давайце дачакаемся таго, што вырашыць суд».

«Знамя Юности» прапанавала карэспандэнту зь Берасьця Алесю Леўчуку звольніцца па асабістым жаданьні. У сваім блогу і ў інтэрвію Радыё Свабода Алесь Ляўчук адзначыў, што прычыны звальненьня палітычна матываваныя. Журналіст адзначыў, што рэдакцыя патрабавала ад яго напісаць нэгатыўныя матэрыялы пра апазыцыю і падзеі на Плошчы.

У сваю чаргу «Знамя Юности» палічыла, што допісы Леўчука нанесьлі страту дзелавой рэпутацыі газэце і патрабуе абвергнуць гэтую інфармацыю за кошт Алеся Ляўчука.

Акрамя гэтага рэдакцыя дамагалася, каб супраць Леўчука завялі крымінальную справу за нібыта паклёп.

Міліцыя адмовілася заводзіць крымінальнай справы, кажа Алесь Ляўчук:

«Газэта „Знамя Юности“ зьвярнулася ў міліцыю з заявай аб узбуджэньні крымінальнай справы ў адносінах да мяне. Але гэты зварот ня быў падтрыманы. Міліцыя адмовіла выданьню. Падставаў для завядзеньня крымінальнай справы не было. Увогуле, падчас папярэдняга паседжаньня ў судзе прадстаўнікі выданьня адзначылі, што я кепска працаваў. Яны сьведчылі, што наймаючы мяне на працу, ведалі пра мае палітычныя погляды, іх гэта не цікавіла».

Алесь Ляўчук адзначае, што журналісты зь Берасьця, сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў падтрымалі яго, праявілі салідарнасьць:

«Журналісты праявілі сапраўдную салідарнасьць, падтрымалі мяне. Ведаю, што многія прыйдуць на судовае паседжаньне».

Разглядацца справа будзе ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?