Грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!» з нагоды Сусветнага дня роднай мовы прэзентавала новы праект — «Будзьма з мовай!».
На думку арганізатараў, ён дапаможа ўсім карыстальнікам камп’ютараў зручней і разнастайней ужываць штодня беларускую мову.

Каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» Алена Макоўская зазначае: «Мы падтрымліваем людзей, якія карыстаюцца беларускай мовай у штодзённым жыцці і проста не маюць беларускіх літар на клавіятуры. І для вучняў сярэдняй школы, і для пісьменнікаў, і для навукоўцаў — праблема для ўсіх адна. Выпуск такой прадукцыі — дэманстрацыя прагалу ў гэтым сегменце беларускага рынку, і, запусціўшы праект, мы спадзяемся падштурхнуць мясцовых вытворцаў да выпраўлення бягучай сітуацыі».

Адзіны камплект літар уключае ўсе мовы, найбольш запатрабаваныя сучаснымі беларусамі: беларускую, англійскую, расійскую, а таксама ўкраінскую ды польскую.

Стваральнікі ўніверсальнай раскладкі для клавіятуры паклапаціліся і пра аматараў беларускай лацінкі, зрабіўшы налепкі як з кірылічнымі, так і з лацінскімі літарамі. Беларускія «І», «Ў» і апостраф «’» побач з лацінскімі «Љ», «И" і «Ŭ« — рэальны ўзор таго, як прынцып «аднаго акна» павінен быць рэалізаваны для беларускіх карыстальнікаў камп’ютараў.

Анатоль Лазар, кіраўнік студыі дызайну «Адліга», з удзелам якой ажыццяўляецца ідэя, кажа, што галоўная мэта праекту — забяспечыць карыстальнікаў зручным інструментам выкарыстання роднай мовай на камп’ютары. «Чаму, калі вам трэба літара „Ў“, вы вымушаныя націскаць кнопку з надпісам „Щ“ і ўвесь час трымаць у свядомасці, што пад гэтай расійскай літарай хаваецца беларуская? Давайце ж пачнем нарэшце выпускаць нашую беларускую свядомасць на паверхню, хаця б па ўзоры літараў», - пераконвае ён. Новую клавіятуру можна знайсці на стэндах раздачы паштовак Fly Cards у Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?