Віцэ-міністр замежных спраў Літвы Эвалдас Ігнатавічус 14 сакавіка ў Вільні ўручыў беларускаму паслу Уладзіміру Дражыну ноту пратэсту. Гэта было зроблена ў сувязі з заявамі беларускіх службовых асоб аб тым, што справаздача аб магчымым ўздзеянні на навакольнае асяроддзе запланаванай беларускай АЭС нібыта не выклікала прэтэнзій у літоўскага боку.

«Беларусь не завяршыла працу па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе запланаванага праекта будаўніцтва АЭС у адпаведнасці з агульнапрынятымі міжнароднымі прававымі нормамі, не арганізавала грамадскія слуханні ў Літве і двухбаковыя кансультацыі, як таго патрабуе міжнародная Канвенцыя Эспо», — гаворыцца ў дакуменце, размешчаным на сайце МЗС Літвы.

2 сакавіка ў Мінску намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк паведаміў журналістам, што афіцыйны Мінск «завяршыў абмеркаванне справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе з Літвой».

3 сакавіка МЗС Літвы заявіла, што занепакоенае «інфармацыяй, якая ўводзіць у зман, нібыта Літва не пярэчыць справаздачы аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе запланаванай беларускай атамнай электрастанцыі».

Паводле падпісанай у 1991 годзе Канвенцыі ААН аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце (Канвенцыя Эспо), пры планаванні дзейнасці, якая можа аказаць негатыўны трансгранічны эфект, краіны павінны праводзіць ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?