Урад Францыі мае намер пачаць ваенную аперацыю ў Лівіі цягам некалькіх гадзін. Пра гэта 18 сакавіка паведамляе Agence France-Presse са спасылкай на заяву прадстаўніка ўрада Франсуа Баруэна.

Па словах Баруэна, мэта будучай аперацыі — абараніць насельніцтва Лівіі і падтрымаць яго імкненне да свабоды. Аб характары аперацыі нічога не паведамляецца, аднак раней AFP са спасылкай на крыніцы ў дыпламатычных колах удакладняла, што гаворка ідзе аб нанясенні авіяўдараў па ахопленай грамадзянскай вайной краіне. Прадстаўнік урада ў сваёй заяве абмежаваўся выразам «нанясенне ўдараў».

Пра гатоўнасць далучыцца да аперацыі ў Лівіі таксама заявілі ва ўрадзе Нарвегіі —
адпаведную заяву зрабіў міністр абароны Грэцэ Фарэма. Найбліжэйшым часам рашэнне аб удзеле ў авіяўдары павінен прыняць парламент Даніі.

У ноч на пятніцу Рада бяспекі ААН прыняла рэзалюцыю з патрабаваннем неадкладнага спынення агню ў Лівіі. Дакумент замацоўвае за сусветнай супольнасцю права выкарыстаць любыя меры для недапушчэння гвалту ў дачыненні мірнага насельніцтва Лівіі, за выключэннем наземнай аперацыі.

У сваю чаргу,

прыхільнікі лівійскага лідара Муамара Кадафі заявілі, што прынятая ААН рэзалюцыя — пагроза для адзінства краіны, бо дакумент «заклікае лівійцаў забіваць адно аднаго». Раней у Трыпалі папярэдзілі, што ў адказ на любое «ўзброенае дзеянне» будуць збіваць грамадзянскія самалёты і тапіць караблі.

У цяперашні момант становішча ў Лівіі застаецца напружаным. У ноч на 18 сакавіка Муамар Кадафі паабяцаў пачаць наступ на Бенгазі, фактычную сталіцу паўстанцаў. Раніцай у пятніцу прадстаўнікі паўстанцаў заявілі, што сілы Кадафі абстрэльваюць горад Місурата. Раней рэжым абвясціў аб аднабаковым спыненні агню, а таксама прапанаваў бунтаўнікам здацца, паабяцаўшы амністыю. Рэакцыі апазіцыянераў на гэтыя заявы не было.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?