Такім чынам ён хоча спыніць адток будаўнікоў з краіны.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дзяржава не зацікаўлена ў неарганізаваным выездзе за мяжу беларускіх будаўнікоў і прапанаваў шэраг спосабаў яго прадухілення.

«Мы павінны гэтым летунам сказаць: ты паехаў неарганізавана зарабляць у іншую дзяржаву, і ў краіну грошай не прыносіш. Едзь. Але, першае: камунальныя паслугі стоадсоткава сям’я аплачвае. Медыцынскае забеспячэнне тваё асабістае, а сям’ю, дзяцей мы не чапаем, стоадсоткава аплачваеш», — заявіў Лукашэнка ў сераду, наведваючы забудову мікрараёна № 5 пасёлка Усходні ў Мінску. Яго цытуе агенцтва «Інтэрфакс».

«Ты сацыяльную нагрузку не нясеш, дзяржаве не дапамагаеш. Дык давай за камуналку і медзабеспячэнне заплаці. Тады ён тысячу разоў падумае: ехаць ці не ехаць», — сказаў Лукашэнка. «А так зламаў нагу, галаву яму там адкруцілі, а мы тут яго бясплатна лечым. Камунальныя паслугі аплачвае на 22–25%, а не 100%. Зарабіў грошы — плаці». «Мы не забараняем ехаць, але плаці тут», — падсумаваў ён.

Звяртаючыся да прадстаўнікоў урада, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Неадкладна выконвайце, з другога паўгоддзя».

* * *

Праваабаронца Гары Паганяйла пракаментаваў для «Нашай Нівы»гэтую заяву Аляксандра Лукашэнкі.

Юрыст адзначыў, што прапановы Лукашэнкі выходзяць за межы прававога поля.

Будзе парушана Канстытуцыя, якая гарантуе бясплатнае лячэнне, законы, якія, напрыклад, прадугледжваюць роўнасць паміж грамадзянамі Беларусі і Расіі, і базавыя правы накшталт права выбару месца жыхарства і працы.
Разам з тым,
калі гэтыя палажэнні будуць аформленыя ў выглядзе прэзідэнцкага дэкрэта, то выканаўчыя ўлады будуць абавязаныя выконваць іх.
Гары Паганяйла лічыць ідэі Лукашэнкі абсурднымі: «Краіна ўступіла ў Мытны саюз, які прадугледвае свабоднае перамяшчэнне працоўнай сілы, людзі адклікнуліся на гэтую прапанову, а цяпер ім забараняюць працу. Эканамічныя ўмовы ў Беларусі фактычна выціскаюць людзей з краіны, хоць Канстытуцыяй грамадзянам гарантаваны высокі ўзровень жыцця».
«Гэта блюзнерства і парушэнне законаў — і маральных, і прававых. Да такога можа дадумацца толькі хворая фантазія, якая не ведае эканамічных законаў.
Такія ідэі карэнным чынам супярэчаць нормам сусветнага права», — мяркуе Гары Паганяйла.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?