Аляксандр Лукашэнка загадаў спыніць бясплатнае медабслугоўванне і налічваць вышэйшую камуналку тым будаўнікам, хто працуе за мяжой. Адразу заўважу, што з цяжкасцю ўяўляю, якім чынам такая мера можа быць ажыццёўленая.
Не бачу для таго ні законнага, ні процізаконнага спосабу. Бо хто ж табе прызнаецца, што ён будаўнік і працуе за мяжой? Ці Лукашэнка мяркуе караць усіх, хто не ўладкаваны на афіцыйную працу ўнутры Беларусі? Ну, людзі будуць у беспрацоўныя пісацца, афармляць адпачынак для дагляду за дзіцем. Бо зарабляць жа трэба. Каб адсачыць усіх грамадзянаў, трэба вяртаць паўночнакарэйскую сістэму, а гэта не пад сілу.

Таму думаю, што

гэтая заява — чарговае страсенне паветра.

Будуць людзі выязджаць. А стане кепска за мяжой — будуць вяртацца. І браць іх назад на працу ў будтрэсты будуць, калі гэта добрыя спецыялісты. На шчасце, на нізавым узроўні дасканала дзейнічаюць законы эканомікі.

Але ад гэтага не менш палохаюся.

Чалавек, які прэтэндуе на тое, што ён — найвышэйшая службовая асоба ў краіне, глядзіць на грамадзян так, нібы яны прыгонныя.

Права на бясплатнае медыцынскае абслугоўванне ўсіх грамадзян Беларусі замацавана ў Канстытуцыі. І калі пачаць дзяліць грамадзян на тых, хто і дзе працуе, можна далёка зайсці. Беларусь і так ужо далёка зайшла. Але тут крывая дарожка можа вывесці да крайняга росту сацыяльнай напружанасці.

Лукашэнка ўпарта шукае выйсце з эканамічных праблем праз умацаванне залежнасці, як па мерках ХХІ стагоддзя — рабскай залежнасці чалавека ад дзяржавы.
І пасля здзіўляецца — здаецца, шчыра здзіўляецца — чаму адбываецца дэградацыя чалавечага патэнцыялу.

Сам факт масавага выезду будаўнікоў за межы Беларусі сведчыць пра наша адставанне ад суседзяў, і больш ні пра што.

Чым больш будзе ўжывацца феадальных метадаў, тым больш адстанем, вось і ўсё.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?