Расследаванне па крымінальнай справе лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі адноўлена. Начальнік следчага упраўлення папярэдняга расследавання Казакевіч праінфармаваў палітыка, што
«папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе N10011110362 адноўленае 1 жніўня 2011 года.Пра прынятае працэсуальнае рашэнне Вы будзеце апавешчаны дадаткова».
Анатоль Лябедзька на наступны дзень пасля вызвалення з турмы.
Таксама ў адказе Казакевіча ўтрымліваецца рэакцыя на факт незвароту лідару АГП пашпарта і асабістых рэчаў. Паведамляецца, што пытанне разглядаецца у КДБ.
«На жаль, з адказу Казакевіча незразумелыя матывы і прычыны аднаўлення расследавання. Гэта дае падставы меркаваць, што падаплёка палітычная, а не прававая. Сілавыя структуры рыхтуюцца да восені, і даюць зразумець, што гатовыя заводзіць у адкрытую справу новых фігурантаў. Для мяне гэта азначае, што я буду заставацца ў статуце палітычнага закладніка нявызначаны час, — кажа Анатоль Лябедзька. — Што да пашпарту і асабістых рэчаў, то тут МУС адкрыта тыкае пальцам у КДБ, які строіць дурня і атрымлівае асалоду ад сваёй маленькай поскуддзі. Я не магу не толькі абмяняць правы кіроўцы, але нават атрымаць паштовыя лісты. Але гэта і ёсць узровень інтэлектуальнага развіцця нашых спецслужбаў».
Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі адзначыў, што
«ўсе прававыя магчымасці рашэння пытання вычарпаны.Я мае намер зачахліць ручку і больш не адцягвацца на паператворчасць. Звяртацца да нашых праваахоўных органаў у маім выпадку ўсё адно што да тэлеграфнага слупа».