Круглы стол на тэму «Паліўна-энергетычны комплекс Беларусі: цэны на паліва і ўзаемасувязь з іншымі галінамі эканомікі» інфармацыйна-асветнай установе «За Аўто» прыйшлося правесці ў холе мінскай гасцініцы «Арбіта».

На мерапрыемства былі запрошаны прадстаўнікі ўрада, канцэрна «Белнафтахім», міністэрстваў эканомікі, транспарту і камунікацый, прыватных аўтамабільных кампаній і кампаній-перавозчыкаў. Чакалася, што ў сустрэчы возьмуць удзел таксама экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта на выбарах-2010 Віктар Цярэшчанка і шэраг іншых экспертаў.

Аднак адміністрацыя гасцініцы «Арбіта», дзе павінна было прайсці мерапрыемства, 30 жніўня папярэдзіла кіраўніцтва аўтамабільнай супольнасці аб адмене броні канферэнц-залы «па тэхнічных прычынах». Памяшканне было забраніравана яшчэ ў сярэдзіне жніўня. Ужо на месцы дырэктар «За Аўто» Арцём Шаркоў паспрабаваў дамовіцца аб выкарыстанні пакою перамоў, аднак атрымаў адмову. Не ўдалося правесці круглы стол і ў рэстаране гасцініцы.

Каля 16.00 на сустрэчу з актывістамі ўстановы прыбылі галоўны саветнік аналітычнага ўпраўлення апарату Савета міністраў Аляксандр Нароленкаў, а таксама супрацоўнік апарату Аляксандр Васількоў. Размова прадстаўнікоў улады і грамадскасці адбылася ў холе гасцініцы.

Нароленкаў згадзіўся з тым, што абмяркоўваць паліўныя пытанні трэба за круглым сталом з канструктыўнымі прапановамі па змяненні падыходаў на паліўна-энергетычным рынку. Ён папрасіў Шаркова прадставіць яму канкрэтна сфармуляваныя прапановы па гэтым пытанні. Чыноўнік не стаў абяцаць, але адзначыў, што ён, магчыма, пасадзейнічае ў арганізацыі круглага стала з прадстаўнікамі Мінфіна, Мінэканомікі, Саўміна і канцэрна «Белнафтахім», калі «будзе што разглядаць».

«Пытанні, якія мы хацелі абмеркаваць, натуральна, узняць не ўдалося, таму што гэта не абстаноўка — размаўляць на нагах у калідоры, — заявіў журналістам Шаркоў. — У любым выпадку іх прысутнасць, жаданне ісці на кантакт і пачуць канструктыўныя прапановы па стабілізацыі сітуацыі на паліўна-энергетычным рынку краіны з’яўляюцца станоўчым крокам з іх боку».

Асноўнае пытанне, якое ўстанова хоча ўзняць на пашыраным круглым стале, — зніжэнне падатковай нагрузкі для нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў і аператараў аўтазаправачных станцый, каб доля іх падаткаў не закладвалася ў канчатковы кошт нафтапрадуктаў.

Паводле слоў Шаркова, у першай дэкадзе верасня прапановы ўстановы будуць накіраваны ў Савет міністраў. Чакаецца, што пашыраны круглы стол адбудзецца ў пачатку кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?