Пасля таго як Міністэрства юстыцыі вынесла прадстаўленне аб датэрміновым адкліканні старшыні Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Аляксандра Пыльчанкі, 2 верасня ён напісаў заяву аб спыненні сваіх паўнамоцтваў на гэтай пасадзе. Абмеркаванне прадстаўлення Мінюста і заявы адваката адбудзецца на агульным сходзе сябраў калегіі, прызначаным на 24 верасня. Варта адзначыць, што з боку міністэрства гэта ўжо не першая спроба ціску на кіраўніка адвакацкай калегіі.

Так, 18 лютага 2011 года на падставе загаду міністра юстыцыі Галаванава Аляксандр Пыльчанка быў выключаны са складу Кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці. Менавіта гэтая кваліфікацыйная камісія прымала рашэнне аб пазбаўленні адвакатаў, якія ўдзельнічалі ў палітычных працэсах. Але Аляксандр Пыльчанка асабіста ні разу не прысутнічаў на такіх паседжаннях камісіі.

Вывядзенне са складу камісіі было ажыццёўлена ў той жа дзень, калі ён у інтэрв'ю БелаПАН заявіў, што кіраўніцтва Мінскай гарадской калегіі адвакатаў лічыць, што ў Беларусі склалася крытычная сітуацыя, якая рэальна пагражае незалежнасці адвакатуры.

Нагадаем, што ў гэтым годзе пазбаўлены ліцэнзіі адвакаты Тамара Сідарэнка, якая бараніла Уладзіміра Някляева, Уладзімір Тоўсцік і Тамара Гараева, якія баранілі Ірыну Халіп, Алег Агееў, які бараніў Алеся Міхалевіча, ягоная жонка адвакатка Зарына Залеўская, адвакатка Таццяна Агеева, якая таксама ўдзельнічала ў вытворчасці следчых дзеянняў па гэтай крымінальнай справе. Адвакат Павел Сапелка, які бараніў Андрэя Саннікава, быў выключаны са складу Мінскай гарадской калегіі адвакатаў па прадстаўленні таго самага Мінюста.
Трое з гэтых адвакатаў (П. Сапелка, Т. Агеева, А. Агееў) з'яўляліся сябрамі Прэзідыума Мінскай гарадской калегіі адвакатаў -- органа адвакацкага самакіравання.

Таксама раней у ходзе разгляду на пасяджэннях пазачарговых атэстацыйных камісій не былі атэставаны адвакаты, якія ўдзельнічалі ў справе па падзеях 19 сьнежня 2011 года - Дар'я Ліпкіна, якая бараніла Мікіту Ліхавіда, Ганна Бахціна, якая бараніла Ірыну Халіп, а таксама Ірына Бурак, якая бараніла Аляксандра Класкоўскага і Анатоля Лябедзьку. Пазіцыя гэтых адвакатаў зводзілася да поўнага апраўдання іх падабаронных. Разам з тым рашэнне кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці аб пазбаўленні іх ліцэнзіі па іх не прымалася.

Такім чынам, колькасць адвакатаў, якія звязаны тым ці іншым чынам з крымінальнай справай аб падзеях 19 снежня і былі пазбаўленыя магчымасці ажыццяўляць прафесійную дзейнасць па ініцыятыве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, дасягнула сямі чалавек. Таксама вельмі вялікая колькасць адвакатаў, якія ўдзельнічалі ў гэтай справе і якія падвергліся ціску з боку Міністэрства юстыцыі ў ходзе шматлікіх праверак і работ атэстацыйных і кваліфікацыйных камісій. Вядома, што не менш за шэсць адвакатаў былі атэставаныя ўсяго на год. Ёсць выпадкі прыпынення дзеяння адвакацкіх ліцэнзій на розныя тэрміны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?